Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Сумленне – нязручная рэч

Сумленне – нязручная рэч
І сёння, дарэчы, не ў модзе.
Ды як ні адкідваю прэч,
Яно ад мяне не сыходзіць.

Хаваецца ў сэрцы знарок
І стан мой, бы ўрач, кантралюе.
І ледзьве маленечкі крок
Па выбары ўласным раблю я,

Як гэтая нэндза-нуда
Хвалюецца, каб я не ўпала,
І енчыць: “Такая хада
Ураз давядзе да навалы!”

А ўгледзіць бацылу граха –
І войкае: “Вось ты якая!”
І здзіўлена, нібы жука,
Праз лупу мяне вывучае.

А потым бярэ ў абарот:
Ад вока нядбалага ўпотай
Пілуе і паліць нутро,
Гняце і з’ядае грызотай.

Падслухвае думкі мае,
Пачуцці і надумы судзіць,
Парады й наказы дае –
І зноў выпраўляе “у людзі”.

Сама ж у мяне за спіной,
Як пільны наглядчык, маячыць,
І сочыць, і сочыць за мной,
І ціха смяецца, і плача…

2.07.2012

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Сумленне – нязручная рэч - Таццяна Дзям'янава