Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Начныя вятры

Якія над сьветам скуголяць вятры,
Якія над сьветам шугаюць вятры!..
Ты чуеш, каханая, іх?..
Я ведаю: чуеш і хочаш акрыць
Ад холаду стоены міг.
Ты хочаш сваёю пяшчотнай рукой,
Плячом, што бялее скрозь змрок,
Ад гвалту вятроў засланіць той спакой,
Які прыблукаў незнарок.
Ты цёплымі вуснамі хочаш сказаць,
Што выйсьця няма з тупіку.
Самоты тваёй маладая сьляза
Мне капнула зноў на шчаку.
Ты хочаш мяне ўратаваць, як дзіця,
Але не ад сьмерці,
А больш – ад жыцьця.
Ня плач,
Не тужы,
Не шкадуй ні аб чым,
Нічога ў жыцьця не прасі…
Давай, як ля Вечальля, зноў памаўчым,
Пачуем, як трубяць ласі.
Далёка яшчэ да наступнай зары,
Далёка яшчэ да апошняй зары…
Засьні, каб прадоўжыўся міг,
Той міг, у якім я шчасьліва заціх…
Якія над сьветам скуголяць вятры,
Якія над сьветам шугаюць вятры!..
Ня слухай, каханая, іх…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Начныя вятры - Сяргей Законнікаў