Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ну вось, ты састарэла, восень

Ну вось, ты састарэла, восень.
Даўно твой сумна-шэры ўбор
Пад раніцу мароз курносы
Кранае лёгкай сівізной.

Выслухваеш папрокі, кпіны,
Хаваеш крыўды за душой.
Зіму чамусьці людзі клічуць,
Правёўшы лета на пакой.

Твайго ж трыумфу век нядоўгі:
Як толькі прыгажосць спадзе
Лістамі меднымі пад ногі,
Зялёны колер з траў спаўзе,

Плады ў засекі лягуць важка,
Заціхнуць птушак галасы –
І адракуцца людзі важна
Ад некрыклівай той красы.

І толькі тонкі лірык знойдзе
У ёй высокі дзіўны строй
Ды за гармонію прыродзе
Аддзячыць любасцю сваёй.


Верш Ну вось, ты састарэла, восень - Святлана Локтыш