Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Навошта плачаце, мадам

Т. М. Б.
“И как-то получилось,
Что я читал стихи…”
А. Вазнясенскі
Навошта плачаце, мадам,
Над казкай, што чытаю Вам,
Маёю беларускай мовай?
З жыцця вясковага сюжэт,
А вам Артэга-і Гасэт
Бліжэй, чым даўнія замовы.
Няўжо банал вясковых драм
Прымусіў плакаць Вас, мадам?
Не многа праўды ў гэтай байцы
Пра здраду, помсту і рушнік.
Чаму ж сярод вучоных кніг
Верацяно шукаюць пальцы?
Чаму ў вачах – святло ікон?
А з вуснаў просіцца праклён,
На стрыжцы мроіцца намітка?
Якая прашчурка жыве
У Вашай мудрай галаве,
Пакуль размовы ўецца нітка?
Не, я не выдам Вас, мадам,
Нікому я не перадам,
Аб чым мы з Вамі гаварылі,
Ні Вашай роспачы, ні слёз.
Так, смешны здарыўся кур’ёз –
Пажартавалі і забылі.

Ajsa, 25.02.2012

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Навошта плачаце, мадам - Святлана Куль