Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Адзіная

Адзіная… На ўсёй зямлі адзіная.
Яна, як радасць у салодкім сне,
З’яўляецца і мроіцца гадзінамі,
Калі начуе месяц на акне.

Хто чуў яе крынічную гамонку
Ці, можа, бачыў хто адзіны след.
3 якіх лугоў духмяныя рамонкі
Яна сабе збірае ў букет?

Адзіная… Далёкая і дзіўная,
Прыдуманая намі ў галаве,
Яна таксама марыць пра адзінага,
Ды хто нам скажа, дзе яна жыве.

Шукаем… Нетаропкія ў часе,
Спалохаемся раптам, а калі…
А што калі памылка адбылася,
Страшэнная памылка на зямлі.

Ніхто не скажа…
А на сэрцы горыч.
А вы пільней прыгледзьцеся тады
Адзіная…
А можа яна побач,
А мы шукаем цэлыя гады.

Памылка, хоць і жорсткая,
Звычайная,
Што ў жыцці здараецца не раз:
Яна чакала доўга і адчайна,
Але не дачакала вас.

Спазніцца можна на адну гадзіну,
Спяшайцеся!
А то на горкі здзек
Адзіную, харошую, адзіную
Сустрэне выпадковы чалавек.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Адзіная - Мар'ян Дукса