Верш Балада пра Свіцязь
Там, дзе кужаль туману разлёгся бледы (польск./ беларускае = бледный!!!),
Дзе дубоў шэраг стаў ганаровы
Дыяментамі перляць з рук кроплі вады,
Медам-слодычам роднае мовы.
Чараты, асака калыханку пяюць
На чвыр жоўты гайдаючы хвалі
Калі сцішыш каня і прыпыніш твой пуць
Сказ пачуеш, што ўсе калісь зналі.
Бо на месцы, дзе сёння люстэрка вады
Неба чысты блакіт адбівае,
Свіцязь-горад прывольна аточваў груды
Жыў заможна ў волным тым краю.
Мур яго ахінаў з чатырох аж старон
Па вуглах сталі волаты-вежы
Раніцой наваколле будзіў цэркваў звон,
Што сягаў і за горада межы.
Залатыя крыжы адбівалі святло
Сонца-месяца ранкам і ў ночы,
Прыгажэй тых садоў, дзе ўсё дзіўна цвіло,
На зямлі ‘шчэ ня бачылі вочы
Ды півонь прыгажэй, што расквецілі сад,
І званчэй салаўіных напеваў
Былі золатам тканыя строі дзяўчат,
Галасы ад багінь каралеваў.
Бо ніколі й нідзе, хоць аб’едзь белы свет
Ня было прыгажэй Свіцязянак
Вочы-зоры дарылі ўсім душам прывет
Твар прывабны, бы сонечны ранак.
А як выйдуць у свята яны на лужок
Легканогія з постаццю гнуткай
То лятуць і багі вод, лясоў у кружок
Адпачыць з імі хоць бы мінуткай.
Аб іх слава прайшла ва ўсе свету канцы,
Каралёў ды цароў чаравала
І ляцелі ў Свіцязь паслы ды ганцы
Заручыць, ці каб жонкаю стала.
Бо няма кацяняці ласкавей за іх
А ў любошчах няма іх жарсцлівей
Верны любаму аж па апошні ўздых
З імі быць, то й багоў быць шчаслівей!
* * *
Ды ня ўсякаму з правіўшых у той час цароў
Грэла сэрца цнатлівасць на волі,
Многа хто з іх жадаў бы ў крэпасць муроў
Затачыць, каб ня збегла ніколі.
Каб яму аднаму цёмнай ночкай і ў дзень
Даравала б яна асалоду,
Каб служыла яму, каб нясла ў спёку цень
І каб грэла яго ў непагоду.
Каб ня сніла пры ім роднай Свіцязі сноў
Яму толькі была ў пакоры
Ды на ўцеху яму нарадзіла сыноў,
Што ня ўпусцяць трон, стане як хворы.
Гірэй-Хан хацеў гвалтам, мячом ды агнем
Паланіць тых красунь-свіцязянак
Наляцець намячаў з пушчы тэй Пяруном
На Купалу узыйдзе як ранак.
Пасля свята Купалы будзе люд моцна спаць
Вартавыя прыдрэмлюць у ранні
Трэба коням травой капыты падкаваць
Каб бязгучна ляцелі, бы здані.
Так задумаў Гірэй, так сабе загадаў:
Напярэдадні сонцазвароту,
Каб у пушчы Плужынскай атрад ціха стаў
Ў дзень па Яну гатовы к налёту.
* * *
Хлопцы, дзеўкі! Гэй, на свята
Ў кучу ўсе знясём багата,
Аджыло што, адслужыла,
Душы й думкі атруціла.
Ды падпалім. Хай гарыць,
Думкам каб ізноў іскрыць:
З жыта ведзьміны заломы,
Кола, што з сухой саломы,
Запаліўшы ў рэку скоцім,
Ды Ярылы час скароцім
Ня спаліў каб луг-мурог
Ураджай каб даў Даждж-Бог
Назьбіраем зелак-кветак
Што ўбіраюць наш палетак
Іх на шулы мы разложым
Тым скаціне мы паможам
Спыняць зёлкі ведзьмака,
Каб ня здойваў малака,
Ды ня пудзіў гусі, куры
Ў кажусе з тхаровай шкуры.
А як полымя сканае
Скочыць пара ды другая
Цераз вогнішча сумесна
Рука ў руку, кабы цесна
Потым стаць пад абразамі
Як таго жадалі самі.
А калі чакаць вяселля
Дасць адказ вянок, што з зелля
Прыгажуні выпляталі
Ды на плынь ракі пускалі:
Паплыве вянок да мора –
Быць вяселлю яе скора.
Кажуць людзі на Купала
Расцвітае кветка ў пушчы.
Папараць. У самай гушчы.
Цудаў можа і нямала
Тая кветка натварыць:
Ўраз навучыць гаварыць
Моваю звярынай стала,
Размаўляць на дрэваў мове,
Грошай дасць і дасць дастатку,
Прыбыцця штогод у статку,
Бачыць вораг дзе ў дуброве.
Ды шукаць яе хто ж пойдзе?
Сэрца трэба мець бяз страху,
Бо нацерпіцца там жаху,
Той, хто ў пушчы яе знойдзе!
Сцерагуць яе тры цмокі,
Кожны з гада галавою,
Што пакрыта ўся лускою
Ды на трох тры зыркіх вокі.
Ярка ў іх агонём палае
Жаўтавата свет зялены,
Бы ў антычнае Гаргоны.
Каго позірк ня міне
Ўтрупянее й самы смелы,
Стане нібы з солі белы
Скамянее й там засне.
Калі ж кветку хто сарве,
Ўраз раздасца рогат дзікі,
Крумкачоў ды кавак крыкі,
Што ўсю нечысць сазаве.
Есць адтуль адна дарога,
Як ты аб Радзіме дбаеш,
Кветку шчасця ёй шукаеш –
Лёс аддай у рукі Бога.
Прашаптаўшы: “Отча наш”
Тры разы перахрысціся
І, каб з чортам ня сысціся,
Нечысць крыжыкам настраш.
* * *
Ў святы вечар на Купалу,
За гадзіну да паўночы,
Бы дамоў, хадою сталай
Бордза Стасьу лес пакрочыў.
Вочы зоркамі гарэлі,
Ўглыб трымалі накірунак
Хлапцу мары сэрца грэлі
Ды Алесін пацалунак.
Кветку-папераць знайсці
Ен хацеў у лесі
Каб з ей шчасце прынясці
Свіцязі й Алесі.
Чуў ен, што з жывой вадою
Ёсць у пушчы дзесь крыніца
Кветку ў поўнач знойдзе той,
Хто з яе успеў напіцца.
Стась у лесі быў як дома,
Бо схадзіў дарог нямала,
І была яму вядома
Там крынічка, што бруяла
З-пад карэння грушы дзікай,
Дзе наўкол ялінаў шаты,
мхоў зяленыя пагоркі,
Дзе праходзіць лось сахаты,
Як агенчык хвост вавёркі
Па галінах пралятае –
Там і ёсьць вада жывая.
Вось і груша. На калені
Стаў хлапец, перахрысціўся,
Ўзяў вадзіцы поўны жмені,
І пад пеўня спеў напіўся.
Пушча разам ажыла
Нібы сонца зноўку ўстала –
Гэта кветка расцвіла
Святлом нечысць разагнала.
Стась яе сарваў хутчэй,
“Отча наш” сказаў і ходу,
Чым падалей ад вачэй
Рознай пошасці ды зброду.
* * *
Стась спяшаў скарэй дамоў,
Страху ж вецерпеў нямала,
Раптам чуе гукі слоў,
Ржанне коней, звон кінжалаў.
Потым бачыць Гірэй-Хана,
Ля яго яшчэ там віцязь,
Разважаюць як ім рана
Захапіць з налёту Свіцязь.
“Горад зруйнаваць з зямлёю,
Цэрквы ўсе спаліць, касцёлы,
Скарбы ж, як і ўсе жывое,
Войскам аблажыць наўкола.
Старых, хворых – ўсіх пасекчы,
Дзецюкоў прадаць рабамі,
А ніхто ня змог каб збегчы,
Прыкуць к коням ланцугамі.
Свіцязянак жа асобна
Вартаваць надзейнай вартай,
Бо яны ільвам падобны,
Як прыгожы, так і ўпарты.
Каб ня збеглі па дарозе,
Ці з сабой што ня зрабілі…”
Стась прачнуўся. У трывозе
Пастаяў яшч з дзве хвілі
Ды хутчэй пабег у горад,
Весткі каб успець данесьці
Да адбіць навалу й гора,
Ці загінуць ўсім на месьці.
* * *
З кветкаю бачыў ён і разумеў
Ўсё, што жыло на абшары:
Дзесці хавалася ў пушчы між дрэў
Крымскае гора – татары.
Выбег ен з лесу, падбег да агню
Ўраз змпўклі спевы і скокі,
Голас яго узарваў цішыню
Ад хвалявання высокі:
“Кідайце ўсе тут!” – казаў ен людзям –
“Гулі і спевы да рана,
Гора й нядоля прышлі ў госці к нам
Войска бязбожнае хана.
Ў божыя рукі кладзем мы наш кон
Будзем да смерці ўсе біцца!
Ў Свіцязь спяшайце ды біце ў звон
Цэрквы Міколы званіцы!”
Рушылі ўсе, а вянкі паплылі
Шчараю ў Нёман ды ў мора
Многа нядолі на нашай зямлі,
Многа няпраўды гавора.
Людзі! Чаму даў вам Бог лёс такі
Каб усе сілаю браці?
Родныя ўсе мы! Ў сівыя вякі
Ева была нашай маці!
Хто і калі навучыў вас паліць,
Секчы і рэзаць і рушыць?
Узмахам мяча абрываць жыткі ніць
Ад целаў веяць прэч душы?
* * *
Горада сон абарваў немы крык:
Плач і праклён Свіцязянак.
Сон як рукою зняло. недзе знік.
Чорным стаў сонечны ранак.
Горад стаяў і чакаў на мурах,
Ў лесу ўглядаўся абшары…
Можа навала другі знойдзе шлях
Ды пройдуць міма татары.
* * *
Ня хацеў, ці мо’ й ня змог
Рады даць Бог гэтай сіле,
З чатырох ажно дарог
Войскі горад аблажылі.
Лескі ставяць да сцяны,
Коней ржанне, бразгат, крыкі
Мураўямі там яны
Лезуць на шчыты і пікі.
Муравейнікам з ахвяр
Муры Свіцязі паўсталі,
Бо сустрэў татараў вар
Ды смалы гаручай хвалі.
Стрэлы, нібы авадні,
Джалілі татараў роям,
Так тры ночы і тры дні
Даў Бог выстаяць героям.
Ды такі ўжо мабыць лёс
Акурат к заходу сонца
Вестку галубок прынёс,
Што чакалі ўсе бясконца.
Князя лідскага рукі
Почырк ня прынёс падмогі
Бо пісаў, што крыжакі
Аблажылі ў ноч дарогі.
Болей выйсця ня было.
Горад адчыніць татарам?
“Не!” – Грамадства загуло –
“Лепей спапяліць пажарам
Горад і саміх жывымі,
Дзікуноў чым стаць рабамі!
Лепш памерці на Радзіме,
Чым засеяць свет касцямі!”
* * *
Правілі ў цэрквах імшу святары
З золата ўздзеўшы арнаты,
Ў цэрквы апошнія йшлі ваяры
Ўбраўшыся нібы на святы.
Ў строях святочных – дзятва і жанкі,
Ў вэленах белых – дзяўчаты,
Бога маліці, як лёс іх такі,
Хай прыме ў райскія шаты.
Тое жаданне ў малітву прынес
Шчырае кожны да Бога
Гэткага жалю і гэтулькі слёз
Хай абмінуць нас, нябога!
Сціхлі малітвы і скрозь сіні дым
Многіх дзясяткаў кадзілаў
Ўзнікла выява анёла і ім
Госпада вырак звясціла.
“Папараць-кветка сягоння між вас,
Шчасце дасць вашаму роду
Бо як прасілі у поўначы час
Знікне ўвесь горад пад воду.
Болей ня будзеце ведаць бяды!
Толькі каб чараў пазбыцца,
Трэба каб хлопец прыйшў малады
Ў ноч на Купалу напіцца.
Вуснамі толькі як воду кране
Папараць-кветка нанова
Свіцязь ўваскросіць і ў тэй старане
Вернуцца памяць і мова!”
Толькі сказаў ён і певень запеў
Зніклі і вежы, і горад…
Свіцязі-возера хваля між дрэў
Нам аб тым цудзе гавора.
Ў ноч на Купалу, кажуць, агні
Бачылі людзі ў бяздонні
Песьні, малітвы і ў глыбіні
Чулі царкоўныя звоны.
Ў ночку святую там месяца рог
З срэбра па хвалях там сцеле дарогу
Віцязю смеламу, каб толькі змог
Зняць тыя чары, вярнць душы Богу.
Свіцязь, дзе кужаль туману бледы (польск./ беларускае = бледный),
Дзе дубоў шэраг стаў ганаровы
Дыяментамі перляць з рук кроплі вады,
Медам-слодычам роднае мовы.