Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Талака

За жыццё б нямала зведаў
Адзінокасці пакут,
Каб не зваў сусед суседа
Да сябе на талаку.

Павукі адны такія –
Ў адзіноце сеткі ткуць.
Камары ж здаўна і тыя
Талакою мак таўкуць.

Крыць страху, прывесці дровы
I дзялянку пакасіць –
Памагчы ты сам гатовы, –
Самаму смялей прасіць…

Часам ліха ў страшным гудзе
Разлівалася ракой.
I вайну змагалі людзі,
Стаўшы дружнай талакой!

А таму не хоча ведаць
Адзінокасці пакут
І заве сусед суседа
Да сябе на талаку.

Свой лясны палац узводзяць
Талакою мурашы.
Мурашамі ў добрай згодзе
Жыцьмем, людцы, ад душы!

А зрабіўшы добра справу,
То не грэх і адпачыць,
Разам з песняю на славу
За сталом паталачыць…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Талака - Станіслаў Валодзька