Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Чароўнае пёрка (казка)

У сіроткі Алеські любімым заняткам было пасвіць гусей. Вольнай птушкай адчувала сябе дзяўчынка, выходзячы ўслед за імі на поплаў, а праз нейкі час да сажалкі. Пагожымі летнімі дзянькамі Алеська любіла легчы на траву і сачыць за аблокамі, якія пасвіў вятрыска. І вельмі даспадобы было ёй чытаць, падараваную бацькам, кніжку “Марыська і гномы”. Алеська ўяўляла сябе на месцы гераіні твора і самой так хацелася верыць у цуды.
І вось неяк восенню, калі неба зацягнулі мярэжы хмар, падышла да яе гусачка Гага і прамовіла чалавечым голасам:
– Алеська! Гаспадыня збіраецца нас рэзаць. Толькі ты не смуткуй з гэтай прычыны. А вышчыпні з майго крыла пёрка і, як будзеш класціся спаць, кладзі яго пад падушку.
Пачуўшы гэта, дзяўчынка абняла гусачку за шыю і заплакала…
Пасля сіротка не магла зразумець: ці так было на самай справе, ці, можа, гэта прыснілася ёй. Але, як сказала гусачка, так і зрабіла.
З гусінага пуху мачаха набіла сваім дочкам пярыны і падушкі і падчарыцу, паколькі была не злою, невялікай пуховай падушачкай парадавала.
Адразу ж, кладучыся спаць, Алеська паклала пад падушку Гагіна пёрка. І пачалі ёй сніцца каляровыя, казачныя сны, ад якіх дзяўчынка прачыналася акрыленай у добрым настроі. І стала яна свае сны ў сшытак запісваць. А аднойчы гэтыя запісы паказала бацьку. Той вельмі здзівіўся: гэта ж сапраўдныя казкі! Прапанаваў ён іх прачытаць Алеськінай настаўніцы і тая захапілася імі:
– Ці не другая Марыя Канапніцкая падрастае?! Трэба паслаць іх у дзіцячы часопіс “Вясёлка”.
І неўзабаве Алеська, ззяючы ад шчасця, трымала ў руках часопіс з надрукаванай сваёй казкай.
А як дзяўчынка вырасла, гэтыя казкі ў кніжку склаліся, на вокладцы якой была намалявана яе дабрадзейка гусачка Гага.
І, стаўшы дарослай, Алеся не забывала класці пад падушку чароўнае пёрка. І аднойчы прысніўся ёй вешчы сон. Нібыта ідзе яна па лесе і суніцы ў гладыш збірае. Здзівілася яна гэтаму сну: былі ж колісь дома гладышы, аднак даўно разбіліся. Вырашыла яна пайсці на кірмаш і новы гладыш купіць. І там з добрым хлопцам-ганчаром пазнаёмілася, які стаў яе суджаным. Іх каханне было салодкім, як тыя суніцы…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Чароўнае пёрка (казка) - Станіслаў Валодзька