Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш На малады пачатак мая

Быў малады пачатак мая,
Чаромха ехала ў трамваі,
Перапавітая ў газету,
З таго,
Дзе ўсё жывое,
Свету
У свет бетону і жалеза
З таго,
Дзе хмель лясны шалее.

Яшчэ нахабнай быць не ўмела,
Азябла пахла і нямела.
Хацелася гукнуць чаромсе:
– Ты смела пахні, не саромейся,
Хай пасажыры ў веснім шале,
Як некалі дзяды ў кружале,
Забудуць нудную развагу,
Настрой даверыўшы размаху.

Чаромха! Пахам сум зрывай,
Хай, не падумаўшы, трамвай,
Як утрапёны, з рэек сыдзе
I з ходу ўрэжацца ў лясы,
Дзе
Нацёрлі пяткі сцежкам травы,
Дзе прысмак у кары гаркавы.
Дзе радасць нерасту на рэках.
Скажы, чаромха, што трымае
Сон пасажыраў у трамваі
I лязгатун-трамвай на рэйках?

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш На малады пачатак мая - Рыгор Барадулін