Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Нашымі вачамі

Словы нашай велічнай Праграмы
Я чытаю ўважліва, натхнёна, –
То глядзяць не літары радкамі,
Гэта вочы зыркія мільёнаў.

Вочы, што ў гадах не зналі зморы,
Вочы аднадумцаў і герояў.
Я гляджу ў іх, быццам у азёры,
Ўсё жыццё ўстае перада мною.

Я гляджу, як паміж хваль высокіх
Ветразь мой удалячынь кіруе –
Ад дзядоў і прадзедаў здалёку
Аж туды, дзе марамі жыву я.

За даўно мінулымі гадамі,
Што смугою шэраю пакрыты, –
Бачу ўсё, пяройдзенае намі,
Бачу ўсё, што намі перажыта.

Кожны з нас адчуў і добра вызнаў
Зорку, што нам воляю заззяла.
Я ж гляджу ў той час, як камунізма
Над Еўропай толькі здань блукала.

Бачу я народа шлях цярновы,
Кайданамі ён прасторы будзіць.
Пад арлом сатрапа двухгаловым
Стогнуць запрыгнечаныя людзі.

Смерць з касою па дарогах крочыць,
Размахнецца – падае жывое.
За варштатам – згорблены рабочы,
Селянін – з гаротніцай-сахою.

Продкаў сваіх бачу – пры лучыне
Над глінянай місай пасядаюць,
Лыжкамі драўлянымі нішчымнай
Лебядой мякіну заядаюць.

Так да самай смерці з нараджэнпя
Добрага не бачана, не чута.
Світкі з зрэб’я – іхняе адзенне,
А лазовы лапаць – іх абутак.

Дзень і ноч паміж пакутаў, плачу.
Каб забыцца – сцежка да сівухі,
Бо карчмар – найлепшы іх дарадчык.
За дакторак – брудныя шаптухі.

Не глядзелі ў час той за малымі,
Ат, жыве, дык добра, што жывое, –
Так было і з продкамі маімі,
Так было, сябры мае, са мною.

Адышоў той век цяжкі, суровы,
Шлях адкрыўся вольны для народа,
У народным гневе перуновым
Воля ярка ўспыхнула са ўсходу.

Чую залп “Аўроры” над Нявою,
Бачу штурм я Зімняга гарачы,
Бачу сцяг чырвоны над зямлёю,
Леніна любімы воблік бачу.

Бачу, як пайшлі ўсе грамадою
Да вялікай мэты без вагання.
Крокі аднадумцаў і герояў
У шляху не ведалі прыстання.

Словы вашай велічнай Праграмы
Я чытаю ўважліва, натхнёна.
Мы сваімі ўласнымі рукамі
Ўсё зрабілі, а было, я помню:

Хлеба васьмачок на чалавека,
Рэзрух, запусценне і няўрода,
Цягнікі маўклівыя на рэйках,
Трубы зледзянелыя заводаў.

На прысмакі – хвост якой сялёдкі,
А на кашу – крышачку алею,
Да кален аблезлыя абмоткі,
На штанах палапленыя леі.

Перамерзлі ў сцюжах мы нямала,
Шынялі дзіравыя насілі,
Нас цяплом “буржуйка” атуляла,
Колькі зім мы з ёй прагаманілі!

Духам жа не паў былы гаротнік,
Мы нягоду чорную скарылі,
Акрыліў нас ленінскі суботнік,
Ленінскія планы акрылілі.

I з руін заводы вырасталі,
Зацвіталі нібы збажыною,
Хоць адной рукой мы будавалі,
А знішчалі ворагаў другою.

Мы змяталі іх з зямлі, як смецце,
Адлятаў з дарогі пан за панам.
Не, відаць, нідзе няма на свеце
Гэтакіх, як мы, загартаваных.

Дзе такая сіла паўставала,
Каб у бойцы, ў голадзе і сцюжы
З той ліхой, драпежнаю навалай
Не схіснуцца, выстаяць, адужаць!

Мы цагліну за цаглінай клалі,
Ўставалі коміны пад неба,
Хоць сабе часамі адмаўлялі
Нат у тым, у чым была патрэба.

Мы сваю пабудавалі хату,
Славілі жыццё ў ёй маладое…
Толькі набрыдзь, ліхадзеі-каты
Не далі пажыць нам у спакоі.

Зноў пажары, зноўку кроў ракою,
Дзе ні глянеш – толькі гора, беды,
Бачу аднадумцаў і герояў,
Ды такіх, што свет яшчэ не ведаў.

Што ішлі, як бессмяротны Данка,
Праз усе нягоды і віхуры,
Падалі з гранатамі пад танкі,
Засланялі сэрцам амбразуры.

Скажа вам, як за Радзіму-маці
Здабывалі ў бітвах перамогу,
Кожная травінка сенажаці,
Кожная пясчынка на дарогах.

Як, нягледзячы на боль і раны,
Смерці ў вочы пазіралі смела
Паміж тысяч храбрых і адданых
Кашавы, Матросаў і Гастэла.

Слава непакорлівым і мужным,
Ім, героям, жыць і пасля смерці
З песняй пераможнаю на вуснах,
З Ільічовым іменем у сэрцы.

Знішчана карычневая зграя,
Разарвана кратаў павуцінне.
Ты жывеш, працуеш, расцвітаеш
Край Саветаў, любая Айчына!

А тваіх здабыткаў скрозь без ліку,
Што ні дзень мацнеюць нашы справы.
Слава нашай партыі вялікай,
Што вядзе да перамогі, слава!

Словы нашай велічнай Праграмы
Я чытаю ўважліва, натхнёна,
Я гляджу наперад. За гадамі
Я ў жыцці, і я ў яго ўлюбёны.

Быццам жыць мне многа давялося,
Не хварэю, нават не старэю,
Пад блакітнай далеччу нябёсаў
Бачу, як зямля ўся маладзее.

Новыя магутныя каналы,
Мёртвы каларыт пустыні згінуў,
Там, дзе і расіны не бывала, –
Скрозь шумяць зялёныя галіны.

Я зямлю заву такую раем,
Буйна збожжа ўстала над палямі,
Кожная травінка пазірае
З гушчароў расянымі вачамі.

Па-над стэпам светлых песень гукі,
I азёраў і дуброваў многа,
Вежы станцый распасцерлі рукі,
Што абрус, раўнюткія дарогі.

Хочаш – едзь на поўнач, хочаш – поўдзень,
Ты жаданым і карысным будзеш,
Месц пустэльных анідзе не знойдзеш,
Скрозь працуюць радасныя людзі.

Дзе жывуць – турботы ўсе не знаюць,
Кожны дамагаецца чагосьці,
Брата брат ад сэрца паважае,
Ездзім часта да братоў у госці.

Працы скрозь цікавае багата.
Выбірай па ўласнае ты волі,
Хочаш – пастаіш ты за варштатам,
Хочаш – напрацуешся на полі.

Робіш ты і дбайна і старанна,
Скончыў – ні аб чым не клапаціся,
Ёсць усё – і ежа і адзенне,
Спачывай з сябрамі, весяліся.

Гарады ушыр і ўвысь імкнуцца,
А калгасы ў квецені няйначай.
У вучобе, ў працы, у навуцы
Я цябе, народ, шчаслівым бачу.

Нам бы жыць суладна і ў спакоі,
Толькі б дбаць аб радасцях і дзецях,
Як бы не хацелася нам зброі,
Ды бяда – ёсць ворагі на свеце.

Крывіць іх, як некалі крывіла,
Наш здабытак велічны і важкі,
I хоць ворагаў радзеюць сілы,
Ды раздзьмуць пажар зусім не цяжка.

Мала што парымсціць безгаловым,
Можа стаць ім цеснаю планета.
Вось чаму у нас напагатове
Танкі, самалёты і ракеты.

Мы трымаем іх не для пагрозы,
Даць адпор умелі мы спрадвеку,
Нашы планы ў роздуме цвярозым,
Наша мэта – шчасце чалавеку!

Словы нашай велічнай Праграмы
Я чытаю ўважліва, натхнёна.
Клопат аб жывым шчырэйшы самы
Пачынаецца яшчэ з пялёнак.

Светлыя і чорныя галоўкі
Любага няўрымслівага люду…
Бачу яслі, бачу я пляцоўкі,
Бачу я сады для вас паўсюды.

Бачу, як уважна і ласкава
Прывучаюць вас усіх да працы,
Гульні вам і розныя забавы,
Школы вам і светлыя палацы.

Кожны з вас як тая ручаіна
Ў акіяне нашага багацця.
Шмат шляхоў у роднае краіны,
I на кожным знойдзеце вы шчасце.

Між сяброў я гордым не лічуся,
Лішні гонар – то перажытое,
Чалавек савецкі – ганаруся,
Што нашу я прозвішча такое.

Так скажу, і сэрца б’ецца штосьці,
Як вазьму з мінулым параўнаю.
Чалавек савецкі сёння ў росце,
З дасканалым стрэнуся, я знаю.

Пра цябе ў сусвеце скрозь размовы
Кемлівы, сардэчны і ласкавы,
Ты ўжо сёння йдзеш па ніве новай,
Я ж такога ўбачу неўзабаве:

Ты працуеш меней – болей маеш,
Ты жывеш сяброўскаю сям’ёю,
Ты пра ўсіх клапоцішся і дбаеш –
Людзі ўсе з табою грамадою.

Ты шчаслівы, новы час спаткаўшы,
На зямлі, пад ззяннем любых зораў,
Што ні ёсць – усё тваё і наша,
Як зямля, як неба, як азёры.

Мы й пазнаць зямлі сваёй не можам,
Як пабачыш – дзіваў цуду многа.
Край савецкі! Як жа ты прыгожы,
Ні куточка анідзе пустога.

Верыш ты, што ён і лепшым будзе,
Ты жывеш шчасліва і дастойна.
Толькі ў свеце ёсць у горы людзі,
Вось чаму на сэрцы неспакойна.

Зведаўшы прыгнечанне спрадвеку,
Ты людскую крыўду адчуваеш,
Ты, як заўжды, ненавідзіш здзекі
I гаротным шчыра пасабляеш.

Родны брат усім працоўным людзям,
Робіш так, як партыя вучыла.
Так было і так заўсёды будзе,
У яднанні, дружбе – наша сіла.

Не жадаеш ты крывавых боек,
Сын вялікай ленінскай дзяржавы.
Чалавек савецкі! Прад табою
Самая прываблівая ява.

Як ніколі сёння для народа
Партыі натхняючыя планы.
Знаеш ты, што будуць перашкоды,
Ды скрозь іх ты пойдзеш ў свет жаданы.

Ты аздобіш дзіўнаю красою
Новыя будовы і палацы,
Ты упэўнены – зямлёй тваёю
Будзе кожны ў свеце захапляцца.

Ты ствараеш мудрую навуку,
Каб табе як след яна служыла.
Бачу ход станкоў мільёнарукіх,
Атамаў расшчэпленую сілу.

Станцый рух магутны і нязвычны –
На вадзе, у горах, стэпах, полі.
Чую спрэчкі зорак электрычных –
Зор зямных, а ці нябесных болей?

Бачу: сцяг чырвоны разгарэўся –
Месяц распазнаны і апеты.
Бачу: караблі плывуць у рэйсы
Ажно на далёкія планеты.

Дзе ні пойдзеш, песні кружаць роем
Гэта людзі ў шчасці заспявалі.
Едуць, едуць госці чарадою,
Хараство ў нас сэрцу адшукалі.

У цябе, любімая Айчына,
Кожны дзень, што ў тыя святы быццам.
Едуць, едуць госці безупынна
Нас паслухаць, лепшым падзяліцца.

Пераняць сабе ад нас багата,
Бо, як сонца, наша перамога,
I ніякім брахунам і катам
Наконт нас не ашукаць нікога.

Бо ўжо скрозь над земнымі шляхамі
Новы час займаецца зарою.
Бачу я: Ільіч стаіць прад намі,
Нікне цемра прад яго рукою.

Словы нашай велічнай Праграмы
Я чытаю ўважліва, натхнёна.
Партыя! Ты нашымі вачамі
Шлях у заўтра вызначаеш сёння.

Наша маці, мы табе адданы,
Перад намі далеч палымнее,
Мы ў сям’і сталёвае, з’яднанай
Без цябе жыцця не разумеем.

Партыя! Табой мы ўсе сагрэты,
Хутка час жаданы мы пазнаем.
Жыць і жыць нам. Хай уся планета
Лік гадоў нанова пачынае.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Нашымі вачамі - Пятрусь Броўка