Верш Сват
Не са свету, дык пэўна з паўсвету –
I з Архангельска і з Чыты –
У армейскую нашу газету
Прысылалі дзяўчаты лісты.
Лізы, Галі, Ірыны, Валі
(Колькі позіркаў агнявых!)
Не прасілі – патрабавалі
Пазнаёміць з героямі іх.
Па рэдактарскаму загаду
Сто дзявочых лістоў забірай
I пад гул шалёных снарадаў
Дастаўляй на пярэдні край.
Чорным снегам сляпіла вочы,
Калі поўз я праз дым і агонь,
Гулка стукалі сэрцы дзявочыя
У лістах каля сэрца майго.
А ў траншэі сцюдзёнай, задымленай
Сустракаў мяне кожны салдат –
Не па званню і не па імені:
“Добры дзень, рэдакцыйны сват!”
Злосным голасам каля дота
Я крычаў – ад гармат глухі:
“Выбірайце нявестаў фота,
Падмарожаныя жаніхі”.
I яны, дарагія чэрці,
Залаты франтавы народ,
У трынаццаці кроках ад смерці
Ухмыляліся на ўвесь рот:
“Дай вось толькі суцішым гадзін –
Пачытаем і паглядзім.
Будзем жывы – вяселле зладзім,
А памром – другім аддадзім”.
Так між спраў, пад грукат гарматаў,
Выпадковы сват – паштальён,
За чатыры гады я сасватаў
Можа, роту, а мо батальён.
Адышлі дні былыя ў песню.
Дзе сябры мае? Дзе яны?
Ходзіць вецер па жоўтым лесе
I не бачыць нідзе вайны.
Цішыня… а восень такая,
Што расчуліць можа да слёз.
З ціхім звонам у рэкі сцякаюць
Ручаі залатыя з бяроз.
I ўсё робіцца, як намечана, –
Свайго шчасця не абмінеш…
Пяць сапёраў і сем разведчыкаў
На вяселлі клічуць мяне.
А чаго ж? Самы раз сабрацца,
Стукнуць-грукнуць і будзь здароў!
…Не паеду нікуды я, братцы,
У мяне ж не вада, а кроў.
Я і сам на падобны выпадак
Рыфмы добрыя падшукаў.
Я сяголетным лістападам
Нешта-нейкае сам чакаў.
А пакуль я усю аб’езджу
Франтавую радню, як госць, –
Мне падпішуць прыгавар цешчы:
Прагуляў зусім маладосць…
Аб адным я шкадую зараз,
Што на фронце так шчодра вам
Адрасы ўсіх дзяўчат разбазарыў
I застаўся без адрасу сам.