Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Касцёр на лузе

Вось і май надышоў неўпрыкметкі,
Зноў рассыпаны ля берагоў
Адуванчыкі – рыжыя кветкі,
Залатыя вяснушкі лугоў.

I табе трохі іх перапала,
Каб прыкметней была за сясцёр…
Мы сягоння пад рэчкай запалім
Свой апошні вясновы касцёр.

Будзе сонца павольна заходзіць,
Рэчка хвалямі не калыхне,
I шумлівае наша стагоддзе
З намі ў лодцы крыху адпачне.

На губах, на рыбацкім вядзерцы
Водбліск полымя будзе ляжаць.
Будзе юшка гарачая з перцам
Злабадзённасць і вечнасць сцвярджаць.

У нязвычных умовах са свістам
Будзе чайнік злавацца, кіпець.
Будзе наш пашлаваты транзістар
Песні мілыя Зыкінай пець.

Будуць зоркі гарэць не ўрачыста,
А па-свойску, адным толькі нам…
Усе творы абстракцыяністаў
За такую канкрэтнасць аддам.

Павучай мяне, крытык, і злуйся,
Намячай рэалізму шляхі.
Я з любімай сягоння на лузе
I да крытыкі мудрай глухі.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Касцёр на лузе - Пiмен Панчанка