Верш Сон не ў руку
Сон не ў руку
Азмрочана свята. На сэрцы нуда.
Сягоння сябе, як ніколі, шкада.
Кахання твайго мне не трэба дарма,
Калі да мяне ўжо даверу няма.
Навошта ты гэтак пакрыўдзіў мяне,
І словы-абразы, бы ў жудасным сне.
Не ведаю, у чым мая нават віна,
Таму і заснуць не змагла давідна.
Ну што ты прыціх? Не маўчы, растлумач,
Пакуль не зняволіў мае словы плач,
Пакуль яшчэ розум намнога ясней
І сэрца маё не ў палоне завей.
…О, Божа. Не ведаю, што адказаць.
Ці ж можна да сэрца так сны ўсе прымаць?
Ці ж варта дакорам так мучыць мяне
За тое, што здрадзіла я табе…ў сне?
Ты ж бачыш: Не з іншым я, любы, з табой.
Чаму ж адвёў вочы, раўнівец ты мой?
Каханне і здрада не разам жывуць,
Хаця і бывае, што поруч ідуць.
Вось бачыш, зняважыць намнога лягчэй,
Чым позірк засмучаных стрэнуць вачэй.
А гэта ж быў сон, усяго толькі сон,
Які цябе цалкам узяў у палон.
Ніколі раней ты раўнівым не быў,
Няўжо гэты сон так цябе падмяніў?
Каб нам не прыйшлося спрачацца ізноў,
Не вер ты ў прароцтвы такіх болей сноў.
Хаця са спазненнем-ты ўсё зразумеў.
Сказаў мне пяшчотна, як толькі ўмеў:
“Няўжо ў тваю здраду паверыць я мог,
Даруй, што святочны настрой не збярог”.
1996 г.