Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Прысніся, дачушка

Прысніся, дачушка

Шмат мінула гадоў і ўсё-роўна балюча,
Колькі слёз праліла-горкіх, а не гаючых.
Так хацела, каб свет яна ўбачыла белы,
Каб глядзела наўкола цікаўна і смела.

Ды на лёсе дачушкі было ўсё пазначана,
І жанчына дзіцятка жывым не пабачыла.
Можа хлопчык то быў? Адчувала: дачушка,
Паляцела на неба яна лёгкай птушкай.

З першых сноў немаўлём на яе пазірала,
Паступова дзіцятка ў тых снах падрастала.
Ужо тупалі ножкі і чулася “мама”,
А прачнецца-нікога…аконная рама.

Дзень за днём непрыкметна жыццё прабягае,
А дачка па-ранейшаму ў снах аклікае.
Толькі як не спяшае да маці дзяўчынка,
Ёй заблытвае ножкі травою сцяжынка.

…Можа гэта не так, можа ўсё ёй здаецца,
Ды баліць ад тых сноў мацярынскае сэрца.
Бо віны аніякай няма ў жанчыны,
Чым суцешыць яе, дзе той сродак адзіны?

Незнарок жа жыццё загубіла дзіцяці,
Нарадзіць рыхтавалася, быць яму маці.
…Падрастае ў снах яе кветка-дзяўчынка,
І гукае, і плача дачушка-крывінка.

Маці песціла ў сэрцы малую, люляла,
І зыходу такога зусім не чакала.
Чалавечак маленькі дачасна загінуў,
І слядочкаў сваіх на зямлі не пакінуў.

” Ужо дзевяць гадкоў я цябе б гадавала,
І памалу пасаг да вяселля збірала…
Горка мне за табою ўначы назіраці”
Божа, злітуйся! Сэрцу не вытрываць маці.

“Колькі ёсць, што знарок нараджаць не хацелі,
Альбо кінулі потым, як іх і не мелі.
Ім то, пэўна, не сняцца дзіцячыя вочы,
Сон спакойны, кашмары не мучаць у ночы?!”

…Ані слова дакору. Дачка даравала,
“Нам не быць з табой разам”. На лёс наракала,
І смяялася зноў непаўторным званочкам,
Толькі сум заўважала матуля ў вочках.

Яна ціха жыла без надзеі быць маці,
І не чуючы смеху дзіцячага ў хаце.
Перад сном, папраўляючы сумна падушку,
Зноў прасіла-маліла: Прысніся, дачушка.

1997г.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Прысніся, дачушка - Ніна Кавальчук