Верш Жыву любоўю
Жыву любоўю-
Значыць, жыву Богам.
А таму і ў радасць, і ў бяду
Сонечнаю светлаю дарогай
Па жыцці нялёгкім я іду.
І ўсё, што мне наканавана
Перажыць. Перахварэць. У кожны час
Святлом любові – светаччу нірваны –
Я асвятляю кожны міг. І вас,
Блізкія мае й чужыя людзі,
З кім неба на зямлі мяне звяло.
Хай толькі сонца ў вашым сэрцы будзе.
Хай абмінуць вас нянавісць і зло.
Бо толькі сэрцам чыстым і гарачым
Можна верыць, дараваць, тварыць.
Яно – крыніца радасці, удачы.
З Богам Родам – залатая ніць.
Бо толькі ўсё, што з ласкі і любові,
Служыць людзям, праўдзе і дабру.
І хоць сягоння час ліхі, суровы.
І сумленне, кажуць, не к двару.
Не дазвольце ж, каб часы ліхія
Выветрылі гордасць і любоў.
Бо хамцівасць, зайздрасць, садамія
Душы маладыя труцяць зноў.
Зберажыце ж васільком на пожні
Шчырасці душэўнай благадаць.
Каб на схіле дзён сваіх апошніх
Можна было з гордасцю сказаць:
Жыла любоўю.
Значыць, жыла Богам.
Перажыла таму і горыч, і бяду.
І сонечнаю белаю дарогай
Да продкаў я спакойна адыйду.