Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Мара Скарыны

Марыў калісьці славуты Скарына,
“Ціснучы” кнігі на мове бацькоў:
Простаму люду ў роднай краіне
Зробіць даступнай ён мудрасць вякоў.

Толькі радзіму сваю ў ліхалецці
Мара яго абляцець не магла:
Білася роспачна птушкай у клетцы,
Вочы ж бядоты сляпіла імгла.

Думалі, згіне, як статак, нямое
Племя пакорнае ў вечным ярме.
Колькі іх мужных, што матчынай мове
Шлях пракладалі і змёрлі ў турме!..

Ды разгулялася плынь веснавая –
Змыла пакутнай няволі сляды,
і ўстрапянулася мара жывая,
і абляцела ўвесь край малады!

Сталі даступнымі простаму люду
Мудрасці скарбы са свету ўсяго –
Каб ні ярма, ні імглы, ні аблуды
Болей не зведала доля яго!


Верш Мара Скарыны - Ніл Гілевіч