Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Зямля бацькоў, ты зажурылася

Зямля бацькоў, ты зажурылася,
Няма той радасці ў вачах,
Нібы да плоту прытулілася
З дрыготкай хіласцю ў нагах.

Вось хатка ў садзе ‒ пакасілася,
Няма каму збіраць апад,
Чарэшня долу пакланілася ‒
Няма шляхоў у той май, назад.

Зямля бацькоў, ты развіталася
З апошнім прывідам вятроў,
Што поўняць ветразі барвовыя,
Юначых мрояў і шляхоў.

Чаму ж так прыкра атрымалася,
Апошні выкрык жаўрукоў…
Сцяжынка ў жыце ‒ абарвалася…
Нам не сустрэцца тут ізноў.


Верш Зямля бацькоў, ты зажурылася - Наталля Хмялеўская