Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Дождж насцёбваў, біў у парасон

Дождж насцёбваў, біў у парасон,
Што падатліва ад ветру гнуўся,
Засякаў на мокрае крысо
і да слоты бруднае імкнуўся.

Ты пайшоў. А я не веру. Сон.
Гэта сон, і хутка я прачнуся.
Ты пайшоў і сэрцы ва ўнісон
Больш не б’юцца –
свет перавярнуўся.

Словы – прыкрасць, вострае лязо.
Розумам з адчаю б не крануцца.
Ты пайшоў. А я не веру… Сон.
Толькі сон. Ды сіл няма прачнуцца.

Дождж захлістваў, рваў мой парасон.
Роспач. Хоць бы ў ёй не захлынуцца.
Ты пайшоў, каб не застацца зноў.
Ты пайшоў…
Каб болей не вярнуцца.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Дождж насцёбваў, біў у парасон - Марыя Кобец