Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Перачытваючы “Узнятую цаліну”

Няма жадання патураць бядзе.
Бядзе, якую спарадзілі людзі.
Дзе зайздрасць ёсць,
там літасці не будзе.
Плач горкі – “раскулачванне” ідзе.

Прадстаўнікі сялянства і улад,
сярдзітыя – няхай іх бог бароніць –
якраз паспелі куфар распатроніць,
ануч сямейных выкінулі шмат.

Вярхоўны суд ім сёння па плячы
над хутарской жанчынай-чужаніцай –
сцягнуць з яе ўсе лішнія спадніцы,
тым самым яшчэ болей дапячы!

Хаця казачкі той уся віна,
і ад чаго сваё начальства ў гневе:
хлеб на стале і два быкі у хлеве,
адрэз сукна і трубка палатна.

Сляпая бура круціць не на жарт
усё нутро заклеймаванай хаты.
Зляжалы пыл да сталявання ўзняты,
хістае сцены несусветны гвалт.

Б’е гэта ўсё па сэрцы і вачах,
удалячынь ляціць мая нязгода.
Мне так дзяцей, дзяцей маленькіх шкода,
што сцяліся пужліва па кутках.

A іх якой жа аблажыць віной?
Як растлумачыць мне старэйшым вучням?
Маўчыць салідна сённяшні падручнік,
які, вядома, складзены не мной.

Спрабуй прыдумаць, па якой шкале
мне апраўдаць усё былое глупства,
каб не закрэсліць чалавекалюбства
у колішняй эпохі на стале.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Перачытваючы “Узнятую цаліну” - Мар'ян Дукса