Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Табе складаю гэты гімн

Табе складаю гэты гімн, мой горад!
I не крыўдуй, прастор жытнёвых ніў,
Што мой напеў, яшчэ духмяны борам,
Сінеючы ад мядзельскіх азёраў,
З жалезам, гулам фабрык падружыў.

Нічога я ад гэтага не страціў:
Hi шчырасці, ні свежасці сваёй.
Мне фарбаў новых ззянне і багацце
Раскрылася ў агнях электрастанцый,
Успыхнуўшых вячэрняю парой.

Я знаю добра: песень новых многа
Падорыць дружба трактара з зямлёй,
Камбайна з нівай жыта залатога,
Шляхоў сталёвых з палявой дарогай
I дружба лямпачкі Ільіча з зарой.

Я рад бязмерна стрэчам небывалым,
Такім, як сёння ў горадзе маім:
На плошчах адбудованых кварталаў
Радамі ліпы маладыя ўсталі
У зелянеючым уборы веснавым.

І колькі тут між іх маіх сябровак,
З якімі разам рос калісьці я,
З якімі у цяністых у дубровах,
Пад небам непагожым і суровым,
Звінела песня ранняя мая.

Я гавару ім: “Добры дзень!
Глядзіце, як цёпла тут усе вітаюць вас,
Як рады вам заводы, камяніцы.
Яшчэ буйней квітнейце і расціце
На светлых вуліцах у добры час!”

I мне карціць, як кожнаму з мінчанаў,
Вяртаючыся з працы, падысці,
Паціснуць рукі працавітым кранам,
Маторам, экскаватарам, старанна
Зялёным скверам памагчы расці.

Бо ўсё, што мы расцім і творым сёння
Электрастанцыі, плаціны рэк,
Дамы, палацаў стройныя калоны
І гэтых дрэў узнесеныя кроны, –
Убачаць з намі камунізма век.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Табе складаю гэты гімн - Максiм Танк