Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Аvе Mаrіа

Звон кафедральны кліча на Аvе.
З цесных завулкаў злева і справа
Гуртам манашкі ў чорным адзенні
Цягнуцца, быццам сумныя цені.
Тут і старыя, і маладыя, –
Аvе Mаrіа…

Я не звярнуў бы і ўвагі можа,
Ка не пабачыў між іх прыгожай
Стройнай манашкі, якая мае
Не больш, хіба, як семнаццаць маяў;
Чорныя вочы, бровы густыя, –
Аvе Mаrіа!

Нат пад жалобнай вопраткай чорнай
Ты адгадаеш: стан непакорны,
Ножкі, якімі б на карнавалах
І захапляла і чаравала,
Смуглыя рукі, грудзі тугія, –
Аvе Mаrіа!

Глядзіць набожна на крыж пятровы,
А я малюся на яе бровы:
Няўжо, красуня, ты не шкадуеш,
Што хараство і жыццё марнуеш?
Як танцавалі б ножкі такія, –
Аvе Mаrіа!

Цябе атрутаю апаілі,
Ружанцам рукі табе скруцілі.
Смялей парві ты яго, не бойся!
У полі недзе шуміць калоссе…
О, як бы жалі рукі такія, –
Аvе Mаrіа!

А потым хутка прыйшло б каханне,
Страчала б з мілым свой золак ранні.
А потым стала б ты гаспадыняй
І калыхала б сваю дзяціну!
О, як кармілі б грудзі такія, –
Аvе Mаrіа!

Не знаю, можа, мая малітва
Выйграць бы мне памагла гэту бітву,
Але пазвалі яе; манашка
Пайшла за ўсімі, ўздыхнуўшы цяжка,
Пад звоны змрочныя і глухія, –
Аvе Mаrіа!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Аvе Mаrіа - Максiм Танк