Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Суседу

He будзь зайздроснікам, сусед,
Для госця ў хаце – насцеж дзверы:
Заходзь, браточак, на абед,
А лепш з’яўляйся на вячэру.

Адрэжу сала лепшы кус,
Пастаўлю пляшку саматканкі,
Акраец хлеба – на абрус,
Ды пагаворым да світанку.

Прыпомнім матчын калаўрот,
Лучыну ў прадзедаўскіх хатах…
Як раскулачвалі народ
I след хавалі ў Курапатах.

Было… Этапы і ГУЛАГ…
Дарэмна знішчаных – мільёны…
У снах – уздыблены рэйхстаг,
Яму да сёння шлюць праклёны.

He будзь зайздроснікам, сусед,
Што у мяне ўзышло насенне…
Народ не любіць, хто нясе
Цішком за пазухай каменне.

Народ адчуе ўсё як след,
Дзе – цемната, дзе – проста цені
Давай жа станем, мой сусед,
Перад народам на калені!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Суседу - Кастусь Цыбульскі