Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Братчык

(паводле рамана Ул. Караткевіча
“Хрыстос прызямліўся ў Гародні”)

Ад дзікіх татар да маскоўскай навалы
Драпежны арол падаваўся анёлкам.
Ўсе зьведала жахі, але збудавала
Ля самай дарогі гняздо перапёлка.
…………………………………………….

Каложы званы заліваліся гулка,
У небе зазьзяў метэор, як паходня,
Народ галасіў па счарнелых завулках:
“Хрыстос прызямліўся ў месцы Гародня!”

Узрадваўся моцна сьвяточнай аб’яве,
Якую штодзённа па плошчах прарочаць.
Ажыла старонка Евангельля ў яве:
Дванаццаць актораў-“апосталаў” крочаць.

Бадзягі, вары, круцялі, паразіты!
“Хрыстос” зь імі разам – сумніўнага хросту.
Але вылучаўся: з крыжом рэквізітным,
Разумныя вочы і зграбная постаць.

Віно і манеты рукою уладнай
З казны гарадской п’яны войт вытрасаў вам.
Ты ж першы з трынаццаці ведаў дакладна:
Ня шыюць каўнер і кішэні на саван.

Абдоймы за плечы, заходзячы з тылу,
Салодкія словы наўзбоч ад дарогі.
Ты раптам спыталася: “Дзе твае крылы?”
А лепей бы высьветліць, дзе твае рогі…
……………………………………………….

Той пляц, дзе цябе, як малое, насілі,
Крывёю затоплены ў жальбе гаротнай.
Дарма паміралі. Дарма галасілі:
“Хрыстос прызямліўся ў месцы Гародня!”

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Братчык - Канстанцін Путронак