Верш Нябёсныя вёскі
Гэты яблычны сад усьміхаецца белымі грывамі –
Гэты яблычны сад з дажджавой і апошняй вадой.
Мы здаваліся людзям любімымі, вернымі, мілымі,
А цяпер засталіся з сабою ці зноўку з сабой.
Бачыш тую дзяўчыну за плотам адвечна цяжарную?
Яна вынасіць можа дзіця, але не нарадзіць.
Басаногія тут не прайдуць – ім бы лётаць над травамі.
Басаногія дзеці, вы ў сад мой завітвайце жыць.
Будзе неба над нашымі дахамі шэрае-шэрае,
Быццам стала тканіна ад часу шчыльней і цяжэй.
Быццам пыл асядае адтуль, дзе мы сталіся вераю,
Быццам нехта за намі пільнуе з-пад шэрых вачэй.
Гэты яблычны сад пасьміхаецца белымі грывамі,
Ён узімку цьвіце – зацьвіце і раней, і пазьней.
Я ня бачыў, як тыя пялёсткі зьбіраюцца зь сіламі,
Я ня бачыў, каб яблык на дрэве маім чырванеў.
Калупае малая нагой наш парожак над хатаю –
Я яго стану правіць, я ўнукам яго пабялю –
Калупае, кранае зямлю ад дажджоў наздраватую –
І ў мяне басаногія гэтак краналі зямлю.
Чуеш, плача Алёнка, дурніца вясковая кволая?
Кінь каменьне ў яе – яна стане цябе частаваць.
І ў руках у яе камяні стануць сокам і стомаю,
Счырванеюць, як яблык, і будуць зь зямлі прарастаць…
Гэты яблычны сад усьміхаецца белымі грывамі –
Гэты яблычны сад з дажджавою такою вадой.
Мы здаваліся людзям любімымі, вернымі, мілымі,
А цяпер… засталіся сабою ці сталі зямлёй?