Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Прайду па ціхім перадполлі

Прайду па ціхім перадполлі,
ля клёна атрасу рукаў,
пакрыты пылам, а не соллю,
знянацку выціснутай з траў.

І без хвалюючага рэха,
не люстраванага сцяной,
пералічу я зноўку вехі,
калісь пакінутыя мной.

Ля гарызонту, дзе пшаніца
пампуе ў неба светлы пар,
павінна быць маё дзяцінства,
там пэўна тычак сем запар.

А далей поўны беспарадак,
не зразумееш, што нашто,
ці жаўрукоў то серэнады,
ці пагружэнні ў цемрадзь сноў…

Для спакушонага – сумневы,
Для апантанага – любоў,
А асабістыя залевы
не для чужых гарачых лбоў.

Але я ўжо расставіў годы,
каб хтосьці мог па іх прайсці
без непасільнай перашкоды
на абавязкавым пуці…

А мне з наймалаю адвагай
пара прыкрыцца ад штуршкоў
пяцікутовай раўнавагай
кляновых выпуклых лісткоў.

Хай сэрца паглынае спазмы
кахання-маці ўсяго свету,
жыццёвай падсілкуе плазмай
яе сасуды, не паэта…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Прайду па ціхім перадполлі - Ігар Белкін