Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Героям

Фінал сапраўдны, невясёлы,
Праўдзівы, як і мае быць:
Загіне той, хто будзе кволы,
Хто моцны – вечна будзе жыць.

Не будуць ім спяваць псаломы,
Імёны пойдуць у нябыт,
Згарыць жыццё хутчэй саломы,
А справа – вечна будзе жыць.

Агнёў у гонар не запаляць
(Не будзе рук, каб запаліць),
Але адзін агеньчык – памяць –
У душах вечна будзе жыць.

Забітых душы не ўваскрэснуць.
Ды і навошта ўваскрасіць?
Што ім было на гэтым свеце?
На тым жа – вечна будуць жыць.

Праменьчык блісне – і пагасне,
І вецер доўга будзе выць.
Хто не знайшоў на свеце шчасця,
Няшчасным вечна мусіць быць.

А людзі доўга не забудуць
І за зямлю сваю маліць
На словы тых заўсёды будуць.
…І стане ўсё як мае быць.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Героям - Грант Мішэль