Верш Каэтан Чабор. Частка 3
ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ
XXI
Наступiлi каляды, i з гэтай падставы
Шэрншэльды наладзiлi баль-маскарад.
Балазе, замарудзiў кароль ля Мiтавы
I не змог сапсаваць святкаванне каляд.
Самадзержцам нiяк не хапае вiкторый –
Ад уласнай сям’i да сусветнай вайны –
На старонках падручнiкаў розных гiсторый,
Куды ўкляпацца ляпай жадаюць яны.
Ну, чаго ў супакою табе не сядзiцца?
Ну, чаму ты паўсюль апалонiкам льеш
Чалавечую кроў, як жывую вадзiцу,
Акрапляючы Легнiцу i Панявеж?
Вось якi парадокс непазбыўны бывае:
Намагаючыся гарадзiць агарод,
Нi адзiн чалавек ваяваць не жадае,
Але прагне ваярства чамусьцi народ.
Ну, ваюй i далей, мёрзнi ў золкай халепе,
Варушы сваю армiю за далягляд,
Калi справы сабе ты не выдумаў лепей,
А мы будзем гарэзiць на свяце каляд!
Асляпляльны прыём Шэрншэльды задалi –
Не бывала такога з антычных часоў!
Ракавыя Брунгiльды круцiлi задамi
Ў кантрабандных каркасах з кiтовых вусоў.
Кавалеры пялегавалi эспаньёлкi,
Нейкi франт сярод дам залiваўся шчаглом,
Гарадскi галава з-пад аздобленай ёлкi
Перапоўз на карачках храпцi пад сталом.
Пастар рэзка адставiў талерку са стронгай –
Дзякуй Богу, нарэшце закончыўся пост! –
I ўдваiх са сваёю дзябёлаю жонкай
Заядаў ялавiчным фiле кальвадос.
На памосце, што ўкручаны быў галунамi,
Духавая капэла дудзела гавот…
(“Ах, каб вас усёй плоймай панесла цунамi! –
Прабурчэў Каэтан, аглядзеўшы народ. –
Што чакаем? Бо гэта пакуль што не свята.
Гэта толькi “засвяцце” наступных хвiлiн.
Вунь як коцяцца ўнiз па адзенням багатым
Ручаi ўсхваляваных пражэрлiвых слiн!”)
Каэтан неўпрыкмет адыйшоў да акенца,
Дзе на кожнага кумкi ляпiлi ярлык,
Бо насычанее не йснуе квiнтэсенцый
Iнфармацыi, чым iх змяiны язык.
– Калi ласка, даруйце, прыстойныя дамы, –
Пакланiўся пакорна пляткаркам Чабор, –
Не здаралася з часу прабацькi Адама
Прыгажэйшых жанчын памiж логаў i гор.
Узгарэлiся тыя спачатку ад гневу,
Што нахабнiк шушуканне iх перарве,
I адразу ж прабачылi, як каралевы:
“Прыгажэйшых, гаворыць? Тады хай жыве”.
– Мы каго дачакацца, шаноўныя панi,
Анiяк не ўдастоiмся на карнавал? –
Запытаў Каэтан, i абедзве пiраннi
На яго тлумачэнняў насыпалi вал.
У вялiкасным вэрхалу i тарараму,
Гармiдару бясконцым аб тым i аб сiм
Наўзахлёб забiвала прыемную даму
Дама, болей прыемная ў стаўленнi ўсiм.
Каэтану прыйшлося праслухаць пра шашнi,
Што вядзе адмiральша з французам Жэрве,
Як натарыус выйграў маёнтак у шашкi,
Бо трымаў казырнога туза ў рукаве,
Як праз комiн камiна штоноч прапаўзае
Да судзейскай дачкi трансiльванскi пасол,
Чаму доказаў аж пад завязку хапае:
Нездарма ж у дачкi нарадзiўся асёл.
– Гэта добра, спадарынi, – мовiў нясмела
Каэтан, перабiўшы славесны паток. –
Мы чакаем чыё паважанае цела?
Хто вялiкi павiнен ступiць праз парог?
Твары дам азарыла вялiкае шчасце,
Бы вясёлка расквецiла свой парасон.
Шапянулi яны з непадробленай страсцю:
– Хутка ў госцi прыедзе спадар Петэрсон…
– Прабачайце мяне: я нядаўна ў сталiцы.
Хто такi Петэрсон? Генерал? Канцыляр?
Губернатар якойсьцi з заморскiх правiнцый?
Обер-лекар? Паэт? Падарожнiк? Гандляр?
Суразмоўнiцы на непрыстойнага хама
Спадылба пазiрнулi за кобру гразней.
Працадзiла скрозь зубы прыемная дама:
– Петэрсон каралю пяткi чухае ў сне.
XXII
Раптам поўнач прабiла званiчная бронза!
Зухаватую постаць наладзiў бамонд:
Кнураватыя пузы паўцягвалi бонзы,
Па-армейску шпалерай раўняючы фронт.
Валавокiя жонкi ў кнiксэнах паселi
Грацыёзна, так што i не марыў дзюгонь.
На нявiнных мардасах мясцовых камелiй
Разгарэўся румянцам пахабны агонь.
Мiтусiўся натоўп насякомага кола,
А ў сярэдзiне шнырлiвых тараканят,
Як самiца, што з’ела самца багамола,
Рушыў з добрай усмешкаю чухальшчык пят.
Сябрукоў разнастайных вiтала персона,
Непавагай не скрыўдзiла нi аднаго.
Каэтан першы раз напаткаў Петэрсона,
Але ў момант навек зненавiдзеў яго.
Шэрншэльды ў бакi расступiлiся гнiла,
Як пад прасам дрыгва расплываецца ўраз,
I ў глыбозную твань перад госцем Гунiла
Апусцiлася плаўна, нiбы ў рэверанс.
Каэтан! Што з табой? Цi няўжо ты раўнуеш?
Ты, якому па чыну няможна кахаць?
Ты дарэмна сябе толькi сэрца змарнуеш,
Каб наслаць над балоццем надзейную гаць.
Ты, якога нi разу партовыя шлюхi
Не маглi з раўнавагi вывесцi на гнеў?
Ты жа мiма каварнай любвi-завiрухi
Прабягаў… Каэтан разумець не хацеў!
Яму душу абварвала кiпнем гарачым,
Быццам самым лiхiм са смяротных грахоў.
О, Гунiла – пастэлевы белы гарлачык
Сярод багнiстай слiзi ды тванiстых мхоў!
Закалоць Петэрсона? Дык заўтра ў калодках
Звалакуць яго стражнiкi на эшафот.
I пазбыцца Гунiлiных зрокаў салодкiх?
А Пярун? А дэраш? Непрыяцельскi флот?
Пакуль розныя думкi ў яго прабягалi,
Распарадчык вясёласцi, нейкi барон,
Абвясцiў урачыстасць каляднага балю
I раскацiста выгукнуў: “Першы grand rond”!
Кавалеры i дамы паўсталi па парах
Так дакладна, нiбыта палены ў кастры,
Панадзелi касцюмныя маскi на твары,
Ганарлiва паднялi насы дагары,
I адчула сябе непамыльнай багема,
Вiдавочна ўявiла сваё хараство.
Што абудзяць дзiцяцю ў хляву Вiфлеема,
Дык таго ў галаве не трымаў анiхто.
Зазвiнелi хрустальныя струны спiнэта.
Цырымонна пайшоў чарадой першы “рон”.
Падхапiўшы Гунiлу, пад гук менуэта
Петэрсон на чале тупаў, як першэрон.
Трансiльванскi пасланнiк з прыемнае дамай
На прытомленых дыбачках следам наўскач
Па паркету, начышчанаму амальгамай,
Чыкiльгаў, нiбы ў пуза залiў спатыкач.
Адмiральшыны вочы з-пад цнотнай вуалi,
Пад якой быў запудраны свежы жаўлак,
Заклiкальна французу Жэрве намякалi,
Што ён можа садраць храбусткi андарак.
Каэтан вёў пад руку дачку Шэрншэльда.
Тая мыкала штосьцi патроху: “Бу-бу”, –
Са шчыпцоў павiтухi бяскроўная Хельга
Толькi ў ноздрах з увагай круцiла разьбу.
З Петэрсонам Гунiла шапталася блiзка,
Абвявала сянной прахалодай лугоў.
На яе валасах серабрылася нiзка
Мацiцовая дробных рачных жамчугоў.
Чаргавалiся лур i гавот з сарабандай,
Сарабанду змянялi мюзэт i англез.
Перавезцi б Гунiлу ў мяшку кантрабандай
У таемны, гушчаравы нёманскi лес!
Дзве гадзiны мачалiла рэўнасць Чабора,
Але ўрэшце стамiўся хрустальны спiнэт,
I пабеглi някормленым статкам танцоры
Да карыта, дзе сервiраваны абед.
Падазвала кiўком Каэтана Гунiла:
– Крыстафер, вось ён – гэты бясстрашны герой,
З нашым домам якога вайна ажанiла.
Паспрыяйце, каб здолеў ён вернуцца ў строй.
– Мне ўсе вушы пра вас даражэнькая панна
Прагудзела настойлiва, пане Чэльборг;
Вы, маўляў, з адмiралам служылi старанна
З той пары, калi ён пакiдаў Гётэборг,
Каб павесцi свой флот да залiва Алiва?
Згодна з гэтым кiўнуў галавой Каэтан,
Паглядаючы на Петэрсона лiслiва
Ды абцягваючы перашыты каптан.
– А якая далей вам прывабна кар’ера?
Каэтан чуць запнуўся, паколькi яго
Свiдравалi вачышчы драпежнага звера
Цi найхцiвейшага з вавiлонскiх багоў.
Але побач яскравыя вочы кахана
На сябе забiралi прылiпчывы страх,
I таму Каэтан пад удар буздыхана
Iрвануўся, мiнуўшчыну дробнячы ў прах:
– Мне казаў адмiрал, нiбы верфi Сцякольны
Скончаць хутка зусiм будаваць галеон.
Я запэўнены, што ваша мэта мiжвольна
Будзе недасягальнаю. Марна, што ён
“У вялiкасным ззяннi манаршага гневу
Ўсё Балтыйскае мора ахапiць сабой.
Мы пачуем гудзенне анёльскага спеву,
Быццам сёмы анёл затрубiў над вадой”.
Петэрсон папярхнуўся i стрэлiў вачыма
На Гунiлу, гасцей, паслугачаў, музык,
Лоб памацаў збянтэжана: – Не… Немагчыма,.. –
I гатовы быў выдзерцi доўгi язык.
Пакланiўся Гунiле: – Мая дарагая,
Цi не цяжка вам будзе прынесцi вiна?
Я ад спёкi пасля сарабанды згараю…
Паслухмяна за чаркай паплыла яна.
Петэрсон падазваў асабiстую варту:
– Перапраўце выведнiка ў мой кабiнет,
Толькi цiха, бо нам непакоiць не варта
Нi сцякольненскi свет, нi касмiчны сусвет.
XXIII
Ну, i што, Каэтан? Дагуляўся ў разведку?
Наскакаўся мюзэтаў, фарлан i пасп’е?
Галавой карыстацца патрэбна хоць зрэдку,
А не толькi засоўваць вянглiну ў яе.
Ты сядзiш памiж двух высачэзных жаўнераў,
Манатонна ў начы валачыцца дармез
Па сцякольненскiх вулках у процьмавы неруш,
Дзе нiколi цябе не пачуць паланэз.
Каралеўскi палац прачынiў сваю браму
Пры мiзэрным святле патайных лiхтароў.
– Трэба зверху яшчэ прыкруцiць пентаграму
Перагорнутую, абмакнутую ў кроў, –
Зло пакпiў Каэтан, але два канваiра,
Не прамовiўшы слова, яго правялi
Па глухiх калiдорах, дзе слiзка i сыра
Разнастайныя цвiлi на сценах цвiлi.
Кабiнет Петэрсона ва ўнутраны дворык
Быў схаваны ад розных цiкаўных вачэй:
Мусiць, пан Крыстафер спачываў тут ад зморы –
Непрыкметны падзвiжнiк часальных начэй.
Каэтана ў кутку кабiнета ўсадзiлi.
Ён у поўным маўчаннi сачыў, як наўкол
З беззаганнай паставай лакеi хадзiлi,
Нiбыта iх прарэзаў асiнавы кол.
На шматлiкiх памостах, сталах, антрэсолях
У пасудку хавалiся зёлкi i луг,
Памякчальныя мазi, духмяныя солi,
Дражджавата пузырыўся мыльны тузлук.
Гарлачы запаўнялi прысыпкi, прымочкi,
На палiцах ляжалi часалкi, скрабкi…
– Вы цяпер, пан Чэльборг, бачыце ўвiдавочкi,
Што талдычуць аб службе маёй варнакi.
Петэрсон перад госцем паўстаў непрыкметна,
Сеў насупраць, дастаў гранавiты графiн
I налiў у дзве чаркi да краю кларэту –
Фiялетавага, нiбыта альмандзiн.
Вокамгненная пстрычка – i разам прыслуга
Правалiлася ў пекла скрозь плiты падлог.
– Пан Чэльборг, раю вам клапатлiва паслухаць
Мой адкрыты i вельмi цяжкi маналог…
XXIV
– Мне вядома, што велiкасвецкае быдла
Па-за вочы гавэндай палошча мяне,
А пры стрэчы раскеўзвае ўсюды павiдла:
Волю дай – у павiдла ўсяго абмакне!
Хiба служба належная для дваранiна –
Казытаць ноччу ступнi свайму каралю,
Калi на ратным полi канаюць мужчыны,
Пралiваючы кроў на чужую раллю?
Хто такi Петэрсон? Баязлiвы пасцельнiк,
Камергер, нагаворшчык, махляр i шахрай.
На тым свеце яго на чыгуннай патэльне
Будуць смажыць, каб ён i не марыў пра рай.
Толькi, пан Гаэтан, гэта ўсё маскiроўка.
Так маланка ў бяскрыўдны хаваецца гром,
Бо нiхто не заўважыць агрызак алоўка,
Што ляжыць побач з пазалачоным пяром.
Чалавек сцеражэцца мядзведзя i кулi,
Апасаецца, каб не патрапiць змяе,
I не ведае ён, што начная зязюля
Дзённую кукаваннем зязюлю заб’е.
Так i я назiраю за Швецыяй соннай,
Выкарчоўваючы косы погляд i ўдых.
Анiхто не ўспрымае ўсур’ёз Петэрсона,
I таму Петэрсон ведае аб усiх.
Вось, напрыклад, дурны гарадскi галава: я
Добра ведаю, што ён без просыпу п’е.
Да хай Балтыку досуха перахлябтае
Альбо ўсмокча да кроплi ў свае прэс-пап’е!
Ды пакуль ён наогул на працу не здольны,
З магiстрата не выйдзе нiводзiн сакрэт,
Бо сакрэтаў няма ў магiстраце Сцякольны:
Там да п’янкi – пахмелле, пасля – лазарэт.
Цi распусны пасол трансiльванскага князя:
Каб ён поўзаў аддана ў адзiн будуар!..
Ён жа ўсе дымаходы ў сталiцы аблазiў
I надраiў да блiску, як той камiнар!
Зараз мне кожнай ранiцай лёкай пасольства
Носiць новую сажу з ягоных бакоў.
Я дакладна падлiчыў, што наша паспольства
Выгадоўвае сто сорак сем байструкоў.
Мая справа нябачней за сцiплую кветку,
Яна здольная толькi апоўнач цвiсцi.
Давялося, Чэльборг, вам прыйсцi ў контрразведку,
Iншым чынам, сюды на агеньчык зайсцi.
Можа, бачыце: я перад вамi адкрыты.
Вы стаiце на ростанях, дзе два шляхi:
Альбо стаць назаўсёды маiм фаварытам,
Альбо ў рай да Хрыста, калi пусцяць грахi.
Я не веру нiводнаму вашаму слову,
Але ўсё ж дакажыце, убогаму, мне,
Што я ўшчэнт памылiўся, зрабiўшы выснову,
Быццам вы непрыяцельскi вiж на вайне.
Зараз я вас пакiну на чвэртку гадзiны –
Чорт, а дзе ж я так моцна запэцкаў калет? –
Не забудзьцеся, што шанс ёсць толькi адзiны,
I каштуйце вiно: вельмi добры кларэт…
XXV
Каэтан ледзь не страцiў прысутнасцi духу –
Без прыкрас, менавiта не страцiў ледзь-ледзь.
Як лiсiцу пражэрлiвую ў саладуху,
Зашпурнулi яго ў мураваную клець!
Хто падкажа, мо ўсе грабянькi i часалкi –
Гэта толькi прылады для жорсткiх пакут?
Петэрсон неўзабаве прачуе з-пад палкi
Тую праўду, якая хаваецца ў кут.
Што ён будзе рабiць: павышчыквае бровы
Цi прымусiць ад болю на дыбе пiшчаць?
I трашчалi ў камiне яловыя дровы,
Нiбы ступянi ў ботах гiшпанскiх трашчаць.
Каэтан з перапуду схапiўся за рыла
Дарагога графiна i выпiў кларэт,
Каб ушчэнт прадзiравiць навостраным шылам
Напаследак варожы дзяржаўны бюджэт.
Не, якiя бы прыклады альбо падзеi
Не шукалi ханжы, асуджаючы спiрт,
Толькi з гэтым залётнiкам зладзiць надзея
Дзеля выратавання закацiсты флiрт!
Так i тут: скарыстаўшы да дна пачастунак,
Якi вымыў з вантробаў лiпучы клубок,
Каэтан паступова нашчупаў ратунак,
Калi дапамагчы не адмовiцца Бог.
Як нi сорамна ганьбiць свой розум i гордасць,
Выглядаць счырванелым, падобным на хну,
Будзе лепшай мiкстурай казлiная ўпёртасць –
Вельмi часта казлы прабiваюць сцяну.
Ах, Гунiла, Гунiла – нявiнная ярка,
Чый прыдуманы вопыт – благi павадыр!
На палiцы тваёй – Абеляр i Петрарка,
Фагельвэйдэ, Рансар, Арыоста, псалтыр.
Ты сабе падаешся аркадскай пастушкай,
Што згубiла прытомнасць навекi i ўперш,
У якой “Песня песень” ляжыць пад падушкай…
Прыкусi свой язык, шчаўкапёравы верш!
Ну, а зараз пачнуцца азартныя ловы,
Дзе загоншчык з iзюбрам адзiн аднаго
Будуць сiламi звязваць за кожнае слова
Цi, бадай, паланiць за палову яго,
Каб наладзiць ахвяру на стрэчу са Знiчам
У падземную шыр Елiсейскiх лугоў.
Засталося даведацца, хто паляўнiчы,
I каго дэкарыруе пара рагоў.
XXVI
Больш за чвэртку гадзiны чакаць Петэрсона
Давялося Чабору ў дрыготкай журбе.
Гэта даўняя хiтрасць: няхай падазроны
Ад спалоху зматае ўсе нервы сябе.
Але ўрэшце з’явiўся ягоны сапернiк,
Наймякчэй новасхiленых самарыцян,
Перахрысцiўся шчыра, заўзята, як вернiк,
На абраз, дзе лагодзiў святы Себасцьян,
Калатоўкай пабоўтаў задумлiва ў тазе,
У якiм булькатаў кiславаты булён
Цi асновай для мускуснай пятачнай мазi,
Цi як сродак пакут, каб сазнаўся шпiён.
– Гаварыце, мой мiлы, – казаў спачувальна, –
З таямнiцы ваеннай здымiце вуаль,
I адразу ж адправiцеся ў спачывальню,
А я зноўку пайду да Гунiлы на баль.
Мне не трэба нi прозвiшча ваша, нi тытул,
Нi якая разведка наладзiла вас,
Хоць дыван атаманскi, хоць папскi капiтул,
Хоць цара Мiхаiла Пасольскi прыказ.
Хто вам выдаў сакрэт каралеўскага флоту,
Мо аб гэтым балбочуць п’янчугi ў карчме,
Ды яшчэ спатрабляючы тыя звароты,
Што я выкарыстаў у прыватным пiсьме?
Каэтан трыумфуючым спрытным рушэннем
Непрыкметна расшпiлiў пацёрты кунтуш
I ўрачыста дастаў з панагруднай кiшэнi
Той канфiдэнцыяльны прыватны аркуш.
Петэрсон як у мур уваткнуўся з разбегу,
Перачытваў свой лiст за фрагментам фрагмент.
– Цi вы думаеце, нiбы гетман Сапега
Дабравольна аддаў бы такi дакумент? –
Каэтан ставiў тлустую кропку ў малюнку.
Так спартсмен знакамiты, гуляючы ў гольф
Накiроўвае мяч у фiнальную лунку, –
Што зрабiў бы са здраднiкам Густаў Адольф?
Пакуль наш самадзержац карае Еўропу,
Пакуль Рэч Паспалiтую ў стойла вядзе,
У ягоным палацы юрлiвыя хлопы
Языкамi мятуць, бы вяслом па вадзе.
Ды калi б Жыгiмонт пераправiў пасланне
З даўгалыгiм фельд’егерам брату свайму,
Ваша мiласць малiла бы аб чвэртаваннi,
Не разлiчваючы захавацца ў турму!
Або трэба было на сцякольненскiх вулках
Праз казённых вяшчальнiкаў вас выклiкаць?
Уяўляю, як погалас хутка i гулка,
Разнясецца, што вы – абыякавы таць!
Мне спадар Шэрншэльд перадаў асабiста
Перад гiбеллю гэты вялiкi сакрэт…
А цяпер арыштоўвайце, як аферыста –
Я ўсё роўна ягоны адданы клеўрэт.
Петэрсон з бледным тварам скамячыў паперу
Ды шпурнуў зненавiдна ў гарачую печ,
Быццам ён такiм чынам палiў цi хiмеру,
Цi знiшчаў у агнi Паспалiтую Рэч:
– Пагадзiце, Чэльборг. Ну, чаго брыдкасловiць?
Каб вы ведалi, колькi ў Сцякольнi жулля!..
Я з увагаю выслухаў гэтую споведзь
I запэўнены ў вернасцi да караля.
Калi вам пажадана застацца на флоце,
Я не супраць – вы слаўны марак, балазе.
Або льга паслужыць i ў маiм асяроддзi –
Мне патрэбны намеснiк па левай назе.
Каэтан парассыпаўся дробненькiм макам,
З захапленнем падтакваў яму ва ўнiсон;
Петэрсону да плешыны тая падзяка
Падавалася – пропуск пiсаў Петэрсон.
Згодна з iм спадару Гаэтану Чэльборгу
Дазваляўся праход на закрытую верф
Без усякiх гранiц, анiякага торгу,
Ад падземных камор на апошнi паверх.
У дадатку да пропуску ён арданансам
Загадаў без умоў ад iмя караля,
Каб Чэльборга таго ж капiтан Сёфрынг Хансан
Залiчыў бамбардзiрам на борт карабля,
Пазмацоўваў паперы дзяржаўнай пячаткай
I, адчайна ратуючы аўтарытэт,
Уручыў Каэтану з адкрытай пальчаткай.
Каэтан пакланiўся: – Агiдны кларэт.
XXVII
Як Чабору жадалася шпарка прабрацца
Ў таямнiчую верф паглядзець галеон!
Але трэба сканчэння калядных вакацый
Дачакацца было, бо царкоўны закон,
Нiбы чорны Варгiн, баранiў адпачынак.
Старажытныя догмы бiблейскiх ахоў
Лiчаць плённую працу ў каляды, магчыма,
Значна жудасней ўсiх першародных грахоў.
I таму Каэтан цэлы тыдзень з Гунiлай
Па Сцякольне гуляў, пазабыўшы пра сон.
Гарадская суполка ўжо загаманiла,
Што ў нямiласць папаў Крыстафер
Петэрсон
Што ў дзяружным мяшку ён ляжыць пад iльдамi,
Што на дне яго рыбы з’ядаюць жывым…
(Так шаптала на вуха прыемнае даме
Дама, болей прыемная ў стаўленнi ўсiм).
А гунiлiны вочы зарнiцамi ўночы
Паглядалi з такой лiтасцю на яго,
Што Чабор чырванеў, калi дзеўку марочыў,
Нiбыта гугенот з каралевай Марго.
Як прызнацца ён мог аб размове ў часальне?
Гэта ж трэба было растлумачыць наўскiд
Пра галечу сваю ў нёманскай сукнавальне,
Пра дзяцiнскую мару, пра “Бэзавы кiт”.
Гэта ж трэба паведамiць пра капiтана,
Пра пагiбель яго, калi “Сонца” зайшло,
Пра зладзюгу, якi яму хлусiў старанна
З чыстым поглядам, роўна багемскае шкло.
Як абвесцiць Гунiле, што лiст Петэрсона
Ён мiжвольна з кiшэнi Сапегi дастаў,
Калi той абдымаў Каэтана ўлюбёна
I Дароту актыўна ў нагрузку пiхаў?
Як казаць, што падчас зарабляў кантрабандай
Ды вялiкiя грошы на ёй заслужыў
Разам з Цiтам Пярунам, чый герб Алябанда?..
Да чаго ж там манiць: толькi гэтым i жыў!
I ў якiх эстэтычных, прыстойных намёках
Трактаваць перад ёй, як злавiў авантаж?
Кiм ён будзе здавацца ў гунiлiных воках,
Скарыстаўшы нахабна банальны шантаж?
Не! Не мог Каэтан гэта мовiць Гунiле
На кастры, на калу, пад мячом i ў пятлi,
А таму пераводзiў размову ў бяссiллi
На яе чарнаслiвавы зрок-сердалiк.
О, як добра, што можна адвесцi дзяўчынку
Ад любых непрыемных, двухсэнсавых тэм,
Калi своечасова завесцi катрынку
Пра яе прыгажосць i не страчываць тэмп!
Ведаў подлы Чабор нездагадлiвасць мiлай,
Ведаў, што ў пацалунках нямее яна.
На ласкавыя словы заўсёды Гунiлай
Раскрывалiся вушы, нiбыта ў слана.
Каэтан ёй на памяць чытаў “Песню песень”
Ды прыгадваў абшары радзiмых мясцiн,
I ляцелi радкi Саламона ў Палессе,
Пакiдаючы пусткi сваiх палесцiн.
XXVIII
– О, пацалуйце ж мяне, меданосныя вусны,
Што саладзей за ружовы пялёстак шыпшыны,
I зазiрнiце мне ў грудзi праменем спакусным
Вочы адценняў марошкавых, нiбы бурштыны!
Я раскажу пра каханне душы палудзённай,
Што пакрывалам нас хутае ў казачным лесе,
На лукавiне каля ручаiны сцюдзёнай
Сэрцу прытомленаму шапацiць песню песень.
Белых лiлей абалонкi ля зрэнак бялее,
Зрэнкi алейнага колеру клiчуць вяселле.
Болей у лiпеньскiм пекле Вiлея мялее,
Млее апалавай кропляй на глеевых мелях.
З лiсця сапрэлага цыркаюць трэлi ляляка,
Вiльгаццю я акраплю тваё цела з крапiльнi,
Сокам салодкiм атручу з глiнянага гляка,
Каб мне зайздросцiлi слаўныя волаты Вiльнi.
Трапiў стрыножаны тур у драпежныя нетры,
Сэрца прастрэльвае вострае церне кастрыцы.
Зарасткi трысця трапешчуць, як ветразь, ад ветру –
Стронга сустрэчы са скрытным турпанам баiцца.
Турыху стройную страцiць – страшэнная пастка!
Спрытна стрыжы востракрылыя стрэляць з застрэшшаў
Па-над прасторай люстэркавай возера Мястра.
Тура i турыху стрэнуць Астрына i Стрэшын.
Мужа i жонку пад крыжам звянчае Каложа,
Нiбы вужамi, гужамi мажлiвымi звяжа.
З жонкай пад жарам Стажараў узляжам на ложак,
Дзе Белавежа, як стораж, пiльнуе Яцвяжжа.
Жнец на iржышчы жыцця жне жытнёвае збожжа,
Кружацца жорны, зжыраючы кожны пажытак…
Божухна жорсткi, жахлiвы дажынкавы Божа,
Хай жа жыве векавечна мая Суламiта!
XXIX
Калi праз трыста год на палiцах архiва
Бiблiёграфы дзённiк гунiлiн знайшлi,
Дзе амаль што на кожнай старонцы Лелiва
Красавалася, доўга ўявiць не маглi,
Як такая наскрозь выхаваная панна
Са шляхетнага роду сям’i Шэрншэльд
Была здольная здрадзiць радзiме падманна,
Ёй на вушы развешваючы вермiшэль.
Апасля беларускай пажадлiвай песнi
Для яе ўсё зусiм зразумела ж было,
I на сэрцы, бы светлага шчасця прадвеснiк,
Адрастала павольнай арлiцы крыло.
Але ў гэтым няма анiякай загадкi,
Бо пры выбары мiж пачуццём i вайной
Пра пачуццi забудуць адны псiхапаткi,
А Гунiлу нiяк не палiчыш дурной.
– Што за глупства! – завые чытач падкаваны,
У якога ля ложка ляжыць дэтэктыў. –
Каэтана масай з афрыканскай саванны
Рассакрэча за гэты любоўны матыў.
Так раўцi пасярод iншаземнай сталiцы
Аб лiцьвiнскiм варожым падданстве сваiм!..
Дзе ж спадар Петэрсон з моцай тайных палiцый?
Цi магчыма яму быць настолькi глухiм?
Гэта верна. I скрэбцi не трэба патылiц,
Не ламаць бессэнсоўна пустой галавы:
Каэтан закаханы, вядома – не Штырлiц,
Ды i чухальшчык – не Леанiд Бранявы.
Петэрсон Каэтана да дрыжыкаў сэрца
Ненавiдзеў i разам баяўся яго –
Ану, як па-за арыштам да самадзержца
Дублiкат той паперы памчыцца ўздагон?
Безумоўна, кароль, да канца ўзвар’яваны,
Петэрсона прыладзiць на вiсельню. Ён
Не даруе прадажнiка, як Вар-Равана
З крыжа ў момант апошнi зняў сiнедрыён.
Петэрсон быў сапраўдны, трывалы чыноўнiк,
Сапсаваны бязмежнаю ўладай навек,
А для гэткiх асоб найгалоўны вiноўнiк
Ва ўсялякiх правалах – прасты чалавек,
Бо нiяк не жадаюць спазнаць дурачыны,
Хоць iм кол тапаром на макушцы чашы,
Што даброты чыноўнiка – гонар айчыны,
Скарыстанай дзеля чынадральнай душы!
(Нешта ўспомнiлася, як з тэхаскiм пранонсам
I налётам цынiзму сапраўдны шакал
Кiраўнiк ЗША, прэзiдэнт Лiндан Джонсан
Падхалiмам сваiм ад душы наракаў:
“Мне зусiм не патрэбна адданасць наогул.
Мне патрэбна такая любоў пазарэз,
Каб мяне цалавалi ў прамежнасць, як бога,
I пры гэтым гаворылi: “Пахне, як бэз”!
Скроены бюракрат па такому фасону,
А таму анiхто, анiдзе, анiяк
Быў не ў здольнасцi забаранiць Петэрсону
Нюхаць водарны самадзяржаўны сцягняк).
З тых пакут Петэрсон непрыкметных фiлёраў
Здолеў толькi праз суткi па следу паслаць,
Ды за гэтыя суткi, на шчасце Чабора,
Той пра ўсё Суламiце паспеў расказаць.
Але годзе! Мы лепей iзноў да сюжэту
Шматслаёвага вернемся. Тыдзень памер,
I наблiзiўся час, калi вiжу-паэту
Быў адкрыты бальшак на таемную верф.
XXX
Апасля вадохрышчання, у панядзелак,
Памалiўшыся Богу, пайшоў Каэтан
Для двайнога вянца Ўладзiслава Ягелы
На спатканне з наступным, нiбыта ў туман.
Уздымаўся з прыцемку пейзаж навакольны,
Жоўтакрыжы штандар навiсаў, як бiзун –
Па чужых, непрыяцельскiх вулках Сцякольны
Ветрык сцiпла ганяў алкагольны бадун.
Затрымаўся Чабор каля верфнага тыну.
Зрэшты, гэта не тын, а паркан альбо плот
Цi пастаўленая да нябёсаў плацiна –
Каралеўскага флоту гранiтны аплот.
Варта, што Каэтана спыняла ўжо тройчы,
Зноў стрымала яго на пятнаццаць хвiлiн.
Ды такiм каравулам хвалiлiся б Трокi
Ў час, калi на прастоле сядзеў Гедымiн!
Камандзiр у кiрасе i касцы з дазволам
Адлучыўся, вярнуўся, пануры, як вол…
Каэтан памярцвеў пад суконным камзолам,
Але не: спрацаваў петэрсонаў дазвол!
I паўторна за некалькi дзён канваiры,
Не прамовiўшы слова, яго павялi
Па глухiх калiдорах, дзе слiзка i сыра
Разнастайныя цвiлi на сценах цвiлi.
“О, чаму ж вас гамузам не здзёўб буравеснiк? –
Раззлаваўся Чабор. – I халопаў, i знаць!
Трэба хату хоць зрэдку пачысцiць ад плеснi,
А не толькi забойную зброю кляпаць.
Праўда, дзе нечыстоты, слата i ванiты,
Там кiшэнь паспяхова наб’еш у Хрысце.
Зрэшты, наша радзiмая Рэч Паспалiта
Гэтаксама запэўнена плесняй цвiце”.
Праз замочныя шчылiны вокнаў нясмела
Заглядала зiма ў памяшканне крадком.
Амяла памялом урачыстым вiсела,
Ля стала карабелы стаялi гуртком,
Пазарыўшыся ў невычарпальныя стосы
Раскiданых паўсюль iнжынерных таблей,
Праектыўныя схемы, тэхнiчныя глосы…
Толькi што ад натугi не нюхалi клей.
Петэрсонаў загад iх журбой скасавурыў:
Ану, як гэты хiтры выведнiк двара
Данясе абы што, i апошнiя скуры
Паздзiрае кароль са спiны на-гара.
– Сапраўды вам вядома гарматная справа:
Вiзантыйскi агонь, абардажны гарпун?
Каэтан распачаў прапаведаваць жвава.
(Дзякуй богу за ўсё, незабыўны Пярун!
Вось кажыце, адкуль ён, нiяк не вайсковы,
Артылерыю ведаў да самых драбнiц:
Апярэджванне стрэлу, казённiк замковы,
Недахопы балiст, умацоўванне кнiц?)
Каэтан растлумачваў такiя нюансы,
Што прасолены морам, як вэнджаны шпрот,
Пасiвелы ў баях капiтан Сёфрынг Хансан
Нават бочку Гальфстрыма набраў сабе ў рот.
Шэрншэльдаў наступнiк па прозвiшчу Флемiнг
Усмiхнуўся станоўча, што пан Петэрсон
Трохi паразумнеў, i пушысты, як лемiнг,
Флемiнга падтрымаў карабел Якабсон.
Толькi гэтая тройца магла з поўным правам
Вырашэннi наконт галеона прымаць,
I прызналi чужынца сваiм скандынавы!
… А няўжо бы адважылiся не прызнаць?