Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Каэтан Чабор. Частка 4

ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ

XXXI

Часам цяжка ўявiць у апошнiм стагоддзi,
Як ягоны старэйшы, сямнаццаты, брат
Здольны быў iснаваць i рабiць пры феодзе,
У якiм чалавек чалавеку – пiрат.

Але ўсё ж такi жылi, тужылi, служылi,
Нажывалi дабро, гадавалi дзяцей
I старалiся ў працы не рваць сухажыллi.
Прабаўлялi свой век, як i мы, карацей.

Роўна так нi за што не лiчылi iх князi,
Каралi, багдыханы i бiлi мурло,
А таму просты люд быў у сталай абразе…
Хiба што прэзiдэнтаў тады не было.

У няспынных, марочлiвых пошуках шчасця
Той, хто быў у майстэрстве за iншых найлепш,
Увесь час уцякалi ад хатняй напасцi
Да таго, хто больш шчодры, са спрытнасцю векш.

Гэты ўчынак прадажнiцтвам не быў на справе,
Анiхто не трымаў бегуноў за жуллё:
Толькi-толькi аб нацыянальнай дзяржаве
Першым клопат займеў кардынал Рышэльё.

Ён пакрыху, ледзь-ледзь, памаленьку старанна
Пачынаў прыпыняць феадалаў капрыз,
Каб пакiнулi пыхi Атос з д’Артаньянам,
А таксама з Партосам ханжа Арамiс.

Але гэтай iдэе ў астатнiх краiнах
Птушанём яшчэ доўга дзяўбцiся на свет,
I крывавыя лiўнi, бы сок журавiны,
Чалавецтва дасюль даганяюць услед.

Ну, а Густаў Адольф пры сваiх тараканах
Быў не чужы гуманным падходам. Таму
Да Сцякольны сцякалiся i лютэраны,
I сунiты, што моляцца богу свайму,

I католiкi, збегшыя папскiх калодак…
Вось i ў верфi сярод пяцiсот чалавек
Iншаземцаў раiўся вялiкi адсотак,
I ўсе разам узводзiлi шведскi каўчэг.

Мiтуслiвы мурашнiк валтузiўся ў доке.
Тут ламалi хрыбты ад зары да зары
Усялякiх раместваў умелыя докi:
Абшывальшчыкi вошвай, краўцы, пушкары.

Высякалi чухонскiя каменячосы
З непадатных гранiтаў баластавы груз,
Плёў старанна на кроснах пяньковыя тросы
Малады кiрпаносы канатчык-француз.

Так, плацiлi iм добра – кароль не скупяндзiў,
Але, каб пра будоўлю гаворкi спынiць,
Кожны сябра, што быў у мантульнай камандзе
Мог пра волю ажно на трохгоддзе забыць.

Тут яны начавалi ў клапiных каморках,
Пазiраючы праз агароджу на свет,
I на небе паўночным для iх дальназорка
Зiхацеў Млечны Шлях, роўна як бранзалет.

Толькi Хансан i Флемiнг утрох з Якабсонам
Мелi права ў Сцякольну хадзiць уначы,
А чацвёртым да iх Каэтан беспардонна
Далучыўся, дачаснiку дзякуючы.

Наш герой, не марудзячы, выйшаў на элiнг,
Каб убачыць хутчэй таямнiчы “Арго”,
Ды застыў, скамянеўшы. Мо так кожны элiн
Камянеў пад палаючым зрокам гаргон.

XXXII

Каэтану яшчэ не спрыяла вiдовiшч
Сустракаць велiзарней, i ён, як прафан,
Быў гатовы ўцячы да няўразлiвых сховiшч,
Бо са стапеляў тушаю левiяфан

Навiсаў – гэты змей, што, паводле Iсаi,
Забiвае крывава пачвараў марскiх,
Сваё тулава ў хвалях буйных выгiнае
(Дваццаць сёмы iсаiн раздзел, першы сцiх).

Палымнеючым вогнiшчам, карай Садому
Ён пральецца на свет непахiсным дажджом,
I дарэмна аб лiтасцi будзе мадонну
Ў божым храме малiць, вiючыся вужом.

Перад iм “Рыцар Ежы” раздаўленым зернем
Спарыннёвага жыта, расцёртага ў прах,
Безумоўна здаваўся, таму шчыры вернiк
Быў не ў сiлах стрываць гэты жудасны гмах,

Што душыў i расплюшчваў нязмыўнай абразай.
Чалавека на ўзроўнi з бязмозгаю тлёй.
Каралём галеон быў ахрышчаны “Вазай”
У няспыннай, сусветнай пагардзе сваёй

На ўспамiн пра ягонага цёзку i дзеда,
Якi вывергнуў вонкi раз’юшаны сверб,
Заснаваўшы дынастыю, мiлую шведам,
Аб чым сведчыў фамiльны загадкавы герб.

Гербаносцам на шчытах i тканых пратэсах
Падабалiся цмокi, арлы i быкi,
Што клеўрэтам сваiм дараваў Рымскi кесар
Пасля войнаў i боек са шчодрай рукi,

Паўнагрывыя львы, аднарогi з тыярай,
Леапарды, грыфоны, ваўкi, крумкачы…
Як сустрэнеш знянацку такi бестыярый,
Так i выцягнеш боты ад жаху ў начы.

Да таго ж, у эмблемах сваiх ганарлiва
Скарыстоўвала панства любы каларыт.
Ваяўнiчыя роды пад гербам Лелiва
Аздаблялi сусаллю нябесны блакiт,

I намёт быў лазуркавы, золатам шыты;
Залацiсты паўмесяц, выгнуты на нiз;
Па-над iм – залацiстая зорка Давыда,
I завенчваў Лелiву фамiльны дэвiз:

“Прама ў зоркi высокiя мецяць мужчыны”.
Каэтан толькi зараз спасцiгнуў душой –
Для яго менавiта з бацькоўскай прычыны
Старажытны дэвiз быў чароўнай iмшой.

Але герб венцаноснага шведскага роду
Не падобным быў нi да адзiнага з iх,
Нiбы роданачальнiк рыдлёўкабароды
Геральдыстам свядома намерваў паддых.

Цi жаўтушны фантан, цi сапраўдная ваза,
Цi тальмахамi перапяразаны ферт…
Кожны можа ўявiць нецэнзурныя фразы,
Што шаптаў сам сабе геральдычны эксперт.

Ды калi ты пакорлiва тлусцiш ля трона,
Будзь гатовы прыдумаць такi варыянт,
Каб паверыў кароль, быццам нават варона
Ўвасабляе сабой неацэнны брыльянт.

Геральдысты таму запiсалi ў аналы
Каментар, адпаведна якому набоб
Уздымае на гербе сваiм дасканалы,
Неабдымны, як Швецыя, збожжавы сноп,

Бо з маленькiх правiнцый, маёнткаў i вёсак
Ён пад правiцай несакрушальнай сваёй
Утварыў на пагiбель Еўропе калоса
I над светам падняў, нiбы сноп над раллёй.

Толькi праўда заўсёды прасцей за паданне:
Беспадстаўна ахрышчаны вазаю сноп
Быў узняты на герб не цаной намагання,
А таму, што праславiў яго хлебароб.

На скалiстых раўнiнах усходняга ўзмор’я,
Ледзь прыкрытых падзолам i бедным пяском,
Чым яшчэ мог з убоства наладзiць падвор’е
Селянiн, як не клопатам над каласком?

Мусiць, значна дакладней было на эмблеме
Маляваць не батфорты, вянец цi даху,
Не кентаўра з мячом альбо рыцара ў шлеме,
А сiвую кабылу, кантар i саху?

Але ганьбы ад гэтага не абярэшся!
Хiба здольныя будуць прызнаць за раўню
Да сабе колькi-небудзь, хоць трошкi, нарэшце,
Самавiтыя сем’i. Яны ж мiтусню

Распачнуць навакол легендарных прабацькаў:
Той – пайшоў ад Ацiлы, таму – Гедымiн
Малаком у калысцы ўсе шчокi замацкаў.
Ну, а трэццяму – важны пра Мешку ўспамiн.

I паблякне паблiзу лiлеi Бурбонаў,
Жаўтазеля ангельскага, роўна янтар,
Ды рачынага крыжа паноў Ягелонаў
Саматканы са зрэб’я сялянскi кантар.

Але хай жа цяпер хоць адзiн нагадае
Пра вытокi дынастыi, бо галеон
Пакарае адразу ж таго разгiльдзяя,
Адрадзiўшы навекi святы талiён!

Тое, што Жыгiмонт будзе першай ахвярай, –
Гэта хатняя справа: ахвота ж яму
На кузэна было нападаць пад фанфары!
Дык настала пара, каб падгаiць чуму.

Трыццаць моргаў дубровы жывой лесарубы
Спiлавалi, згубiўшы аж тысячу дрэў.
Разам сёмы анёл, што павiнен у трубы
Затрубiць, сапсаваўся, аглух, састарэў…

Кругам бортаў ад юта да краю бушпрыта
Цяслы грызлi драўнiну, нiбыта бабры.
Гэта прагнымi статуямi майстравiта
Аздаблялi лiхi карабель разьбяры,

Ва ўвесь рост акуратна рабiлi фiгуры,
Зверху пэндзалямi накладалi сусаль.
Як шкада, што для гэтай дзiвоснай натуры
Быў пакуль што не пабудаваны Версаль!

Згодна з густамi царственнага салдафона,
Запалохвання ворагаў дзерзкiх дзеля,
Пазiраў апантаны берсэрк на грыфона,
А Тыфон – ашаломлена на караля.

Iмператараў рымскiх нахiл каракала
Пацвярджалi Нерон i Гелiягабал,
Маркачом спадылба наглядаў Каракала,
Як любуецца чэравам медным Баал.

Тут Давiдаў наёмны забойца Авеса
Шнырыў, тоючы хцiвыя думкi свае.
Пагражала, як джала, кап’ё Ахiлеса
Выпаўзалай з вачнiцы прывiда змяе.

I ў дадатак да гэтай раз’юшанай плоймы,
Што з бедламу вар’яцкага вылезла прэч,
Панакiданы горамi ядраў абоймы,
Ланцуговыя кнiпелi, ножны, карцеч…

Узвышалiся ў шыхце лiтыя марцiры,
Зiхацелi гарматы, блiскучай манет,
I на фланзе чаргi, нiбы згустак сацiры,
З вераб’iным жарольцам стаяў фальканет.

Спахмурнеў Каэтан, бо заўважыў адразу,
Што алiвавы флот – гэта воўчая сыць:
Ён не здольны адолець драпежнага “Вазу”.
Тут бы хоць да другога анёлу даплыць…

XXXIII

– Ну, спадар Гаэтан? – засмяялася тройца. –
Прыпадала служыць на такiм красуне?
Памалiцеся ж, каб наш каханы забойца
Жыгiмонту штоночы вярзеўся а сне.

Толькi жаль, што на iм, як рапiрай скрозь масла,
Немагчыма працяць праз пячонку ўсю Рэч.
Вось тады б i Варшава навекi пагасла,
Ды iрвала Лiтвой на казацкую Сеч.

– Не, панове, даруйце, – iх спрытныя злосцi
Астудзiў Каэтан, – Бо таму не бываць.
Беларусь ад таго не закурчыцца ў млосцi,
I Варшава патрапiць рапiру стрываць.

Нездарма я сюды дабiраўся аж месяц.
Хiба гэтак зрабiў бы пусты крытыкан?
Ваш забойца не вельмi страшэнней за “Месяц”
I працяць здольны будзе адзiн “Пелiкан”.

Я самвочна пабачыў на верфi “Алiва”,
Як халопы славянскiя без валакiт
Уздымаюць вялiкай гурмою руплiва
Галеон пад мянушкаю “Бэзавы кiт”.

Наша “Сонца” насупраць яго – толькi знiчка,
Ды i “Ваза” – як ерэтыкоўскi касцёр.
Будзе Швецыя знiшчана, нiбы сунiчка,
Па якой цяжкiм ботам прайшоў скурадзёр.

На iм толькi гармат самых моцных калiбраў
Устаноўлена болей разы ў паўтара.
Я ўжо пра фальканеты памерам з калiбры
Ўспамiнаць не жадаю – яны мiшура…

Як у жнiўнi цi ў вераснi iхнi забойца
Пазасыпе чыгунным агнём Гамластан,
Мы тады закрычым да нябеснага “Ojca”, –
Iранiчна па-польску казаў Каэтан.

Ад ягонай прамовы раптоўна сцiшэла.
З вока Флемiнга выскакнуў монакуляр,
Сёфрынг Хансан са збана лiў аслупянела
За каўнер Якабсону бруснiчны адвар.

Гэта доўжылася больш за чвэртку хвiлiны,
Пакуль сцегнамi змог Якабсон уявiць,
Як марнее ў пялёнцы малютка бязвiнны,
Калi мацi забылася перапавiць.

I адразу ж супольна на трэцiм паверсе
Верфi Блазiенхольмэн пачаўся скандал.
У раз’юшанасцi баявых кантраверсiй
Падаваўся пяшчотнейшым тэрмiн: “вандал”, –

Бо ў пакрыўджанасцi самых лепшых пачуццяў,
Што тварцоў ахапляюць з зародкавых дзён,
Успрымалася невуцкаю каламуццю
Ўсё, у чым пераконваў смаркач-маладзён.

“Вы марочыце нас! – наракаў яму Флемiнг. –
Гэта неверагодна. Адкуль у славян
Можа быць столькi моцы?” У крыке палемiк
З ледзяной галавою стаяў Каэтан

Ды чаканiў сваё: – Непрыяцель увосень
Спусцiць “Бэзавы кiт” на абшар з ланцуга,
Вось тады мы прачуем праз месяцаў восем,
Як нам зубы са скiвiц павыб’е цынга!

Якабсон з пурпуровым ад лютасцi тварам
Чыркнуў пару радкоў на шурпатым жмутку,
Вартавому ўручыў i з бязлiтасным жарам
Велiзарнага дыхту даў жартаўнiку.

Паўгадзiны шалёныя, злыя нападкi
Адбiваў Каэтан. Але раптам кур’ер
Увайшоў i пакет з каралеўскай пячаткай
Перадаў Якабсону. Той з месца ў кар’ер

Разламаў найсвятлейшы сургучны адбiтак,
Кiнуў вока ў дэпешу, збянтэжыўся i
Праглынуў прама з гляка бруснiчны напiтак,
Што яму не паспелi далiць у парткi.

На ягоным паклёпе зняважны, лiловы,
Красамоўны з кутка да кутка па пiсьму
Быў накладзены “хер”, i ў дадатак – два словы
Петэрсонавым почыркам: “Верыць яму”.

XXXIV

О, загад кiраўнiцтва, у бронзе адлiты!
Колькi спраў пахавана пад бронзаю той!
Колькi душ запiсалася ў касмапалiты,
Каб iх не задушыла загаднай плiтой!

Мне таму Якабсона шкада неймаверна:
Ён амаль тры гады будаваў галеон,
Без астачы свой талент уклаў iнжынерны,
Ажыўляючы “Вазу”, як Пiгмалiён,

Бракаваў асабiста дубовыя брусы
I звiнючую нiць карабельнай сасны,
Падсумоўваў загадкавых лiчбаў хаўрусы
Пры сляпым, мiгатлiвым святле лучыны,

Карпатлiва на контур выводзiў абводы
Крутабокага борту, i дошкi ў старчак
Шчыльна ссоўваў, каб у акiянскiя воды
Выйшаў на паляванне iмклiвы ганчак.

Для яго не было нечаканым сюрпрызам,
Што не кемiць заказчык у справе марской,
А таму патураць каралеўскiм капрызам
Не жадаў анi розумам, анi рукой.

Дур манаршай фантазii буйна i бурна
Маляваў ва ўяўленнi такi карабель,
Што пусцi яго на супастата бравурна,
Гэта будзе не больш, чым плывучы бардэль.

Якабсон безуцешна круцiў галавою,
Растлумачваў, што нельга нi мачтаў дадаць,
Нi прыбавiць каюты для тысячы вояў,
Нi паменьшыць асадку “хоць футаў на пяць”.

Ён употай i так шырыню павялiчыў,
А тым самым паменьшыў разлiчаны ход,
Толькi б Густаў Адольф сваёй ласкай не ўзычыў
Ды iзноў не пачаў гарадзiць агарод.

I прыцягнула ж зараз нячыстая сiла
Славалюба Чэльборга з палону дамоў!
I ядро пад Алiвай яго не скасiла,
I на дно не пайшоў у разгуле штармоў.

Караля на мякiне правесцi не пекна,
Ды аднак дапушчальна, а здрада навек
Якабсона ў дзявяты круг дантава пекла
Завядзе на пакуты. Хто ён? Iмярэк!

Якабсон баязлiва спытаў адмiрала,
Але флемiнгаў погляд, цякучы, як ртуць,
Гераiчна гаворыў з адкрытым забралам,
Што не дасць на сабе вырашэнне спiхнуць.

Сёфрынг Хансан, набыўшы мужчынскую постаць,
Папраўляў перад люстрай фарсiсты мундзiр,
I, нiбыта зварот да Галатаў апостал,
Цягамотна звiнеў малады бамбардзiр.

Застагнаў Якабсон: – О, прадажныя змеi! –
Бо крывой i крывавай карцiна была.
Тое, што Каэтан пераконваць умее,
З чыстым сэрцам Гунiла пацвердзiць магла.

Вось цяпер флатаводцы, адбiўшы апаснасць,
Падтрымалi на ўра якабсонаў прысуд:
Хто на плечы ўзвалiць не баiцца адказнасць,
Той свой хiб самым першым падсуне пад склюд.

Ёсць загад караля: галеон быў павiнны
Сабе роўнi не мець, i патрэбна было
Завяршыць не пазней трэцяе гадавiны –
На дзесятага жнiўня прыпала чысло.

XXXV

Каб не выйсцi за межы фiнальнага часу,
Зноў засеў Якабсон за таблеi, падлiк,
Чарцяжы, трохвугольнiкi i ватэрпасы,
Зноў у нетры тэхнiчнай навукi пранiк.

Ах, шкада, што няможна манарху дэпешу
З запытаннем далейшых iнструкцый паслаць!
На вайне ардынарац што конна, што пешшу
Будзе месяцы два па Еўропе гуляць.

А што, як сапраўды на апошнi дзень лета
Ў гавань прагна ўварвецца той “Бэзавы кiт”
I з марцiр на адлегласцi стрэлаў мушкета
Раздраконiць Сцякольну, як Саўла Давiд?

Безупынна рабiла руплiвая дума
Ледзь не тыдзень, i выйсце знайшоў Якабсон:
Калi зменшыць памеры баластнага трума,
Калi зняць са шпангоўтаў чыгунны кiльсон,

Калi трохi прыцiснуць каюты i камбуз
Ды станчыць абалонкi карцечных гранат,
Калi цалкам павыкiдаць розныя блямбы,
Можна будзе ўваткнуць яшчэ ярус гармат.

Рызыкоўна? Вядома, бо ёсць iмавернасць,
Што тады галеон у бязветраны штыль,
Не чакаючы “Кiта”, надасць мiласэрнасць
I шыкоўна пакажа круты аверкiль.

Але да заканчэння паўночнага жнiўня
Яшчэ трэба ўсю слотную зiму дажыць:
Перанесцi ў нудзе красавiцкiя лiўнi
Цi абложныя майскiя, злыя дажджы,

Да пячонак у чэрвенi гнiць пад цуркамi,
Пад iмжакаю лiпеньскай боты мачыць…
Хто там пiшчыць нясмела, што сэрца – не камень?
Лепей цiха ў анучку, сумленне, маўчы!

XXXVI

Абыякава новыя планы сустрэла
Майстравiтая брацiя. Ёй жа няўцям,
Што за гульнi з афэлкам наладзiў афэлак,
Абы грошы плацiлi па ведамасцям.

Паўздыхаў пралетарый i ўзяўся за свердлы,
Адвухручныя пiлы, грунтвагi, адвес.
Ах, як добра, што Божухнай створаны смерды,
На якiх i грунтуецца кожны працэс!

Згодна з новаю схемай гарматнай паставы
Дадатковыя люкi ўрэзалi на борт,
На насцiлы дуб’ё пiлавалi пластамi
Дзеля большай аховы ад вiслiнскiх орд.

Сёфрынг Хансан загольваў на службу матросаў,
Красамоўна малюючы сытны паёк,
Пераможнiцкi лёс мiж iльдоў i таросаў,
Ды захоўваў наўме выхаваўчы лiнёк,

Але ўголас суцэльны рыксдалер у тыдзень
Джэнтльмэнам на круг абяцаў капiтан,
I таму да Сцякольны сцякаўся i злыдзень,
I галодны жабрак, i гвалтоўны буян.

Адмiрал… Ну, аб iм разважаць разнастайна
З непадробленай, шчырай пашанаю льга,
Калi б вобраз ягоны ваенная тайна
Не ахутвала начыста, быццам пурга.

Ён замкнуўся на ключ у сакрэтнай кватэры
I на мапах вычэрчваў праекты баёў,
Уяўляючы, як на антычнай трыеры
Топiць персаў каля саламiнскiх краёў.

Каэтану не меньш лёсаносную справу
Даручыў Якабсон, аказаўшы давер:
– Вы павiнны гарматы з чыгуннага сплаву
Перавозiць ад мануфактуры на верф!

Хто ж яшчэ, як не вы, разбярэцца руплiва
Ў асаблiвасцях тонкiх дэталяў лiцця?
(Гэта годная мэта для герба Лелiва.
Вам жа, пан карабел, не хапае чуцця:

Запускаеце шэрага воўка ў аўчарню.
Гэты воўк не змарудзiць зарэзаць ягнё;
Каэтанаў нагляд будзе значна пачварней,
Чым на тое ягнё наляцiць груганнё!)

У прадмесцi Сцякольны лiцейныя цэхi
Курадымiлi неба, нiбыта вулкан.
Металiчныя рэхi таўклiся аб стрэхi
Так, што нават спачатку аглух Каэтан.

– За цаной не марудзьце, – наказваў Чабору
Якабсон, – Бо за зброю заплацiць казна!
Але гэты наказ быў ужо пераборам –
Каэтана б i так не трымала цана.

Майстар шэрая свiтка казаў, што патрэбна
Прэць у домны, чакаючы гаспадара.
Каэтан выцер пот анучынаю зрэбнай
I вады сербануў аж з палову вядра.

Як тут людзi працуюць? Дык iм не зайздросцiш!
Мiж струменяў металу i зорак агню
Мо яны на зямлi нежаданыя госцi?
Дык Егову тады засячы за хлусню!

“Бач, каго я сустрэў!” – за спiною ялеем
Узвышаўся ў дыскант разлiўны барытон,
Ад якога гiена пяшчотна самлее.
Каэтан абярнуўся наўкол: – Петэрсон?..

“Так, мой сябар бясцэнны. О, як жа прыемна
Бачыць вас на няхiтрым заводзе маiм!
Спадзяюся, што вы да мяне недарэмна
Ў час нягоды звярнулiся…” (Во, херувiм!)

“Мусiць, зноў Якабсону патрэбны гарматы?
Я радзiме ахвярна аддам паўжыцця
Ды не буду запрошваць вялiкае платы:
Толькi тысячу марак за штуку лiцця”.

Каэтан захапiўся цынiчным прайдохай:
Налажыць сваю лапу на выраб балiст
I дашчэнту дзяржаўны бюджэт ухайдохаць…
Вось дык жук гэты чухальшчык-манапалiст!

Трэць казны – у кiшэнь за марцiры лiтыя,
Трэць – за пiльны нагляд гарадскiх рубяжоў,
Трэць – за тое, што пяткi казыча i мые…
Адстаем мы яшчэ ў галiне крадзяжоў.

Па руках? Па руках! I па ўласнiцкай волi
Распалiў велiчэзную печ качагар.
Зацягнуўся на твары маршчынiстым соллю,
Нiбы дымам, сухотны вянглiнны загар.

“Сценкi трэба прадбачыць таўсцей на паўцалi,
Каб ад моцных набоеў не лопнуў канал!
Вам за працу вялiкi барыш абяцалi,
Анiхто не загне, быццам я замiнаў.

Павялiчце прарэшкi ўдвая для прывязак,
Узмацнiце лафет, лiце ў шыхту свiнец.
На рашучую бiтву пускаецца “Ваза”,
I хай нам дапаможа нябесны Айцец!”

Цi не вельмi нахабна сябе ён паводзiў?
Вiдавочная рызыка ў гэтым была,
Але чуў Каэтан, што з сумленнем у згодзе
Па-над iм Петэрсон не закрые скрыдла.

Калi блiзкае золата застуе вочы,
Ён на дыбе не выдасць нiводзiн сакрэт:
За сваю калiту нават рай раскуроча
Кожны сцiплы чыноўнiцкi анахарэт.

Рабацягi кракталi гурмою з натугi,
Калi плён Каэтана цягалi на дэк.
Што б iм ведаць: дарэмнымi будуць лiхтугi –
Не каштоўней за талы залеташнi снег.

У турботах зiма памаленьку сканала,
Вохкiм ветрам да поўначы знесла вясну,
Алавянае сонца ў зенiце заззяла,
Цераз лета праворваючы баразну.

Заўтра горад ўрачыста ўпадзе на каленi,
Будзе шчыра ўслаўляць баявы лупанар,
Быццам славяць Iсусава Богаяўленне
Вешчуны Бальтазар, Мельхiёр i Каспар.

Зараз дыханне мог Каэтан перавесцi
Апасля сямi месяцаў працы назлом,
Калi ў сэрцы таемна нянавiсць ён песцiў,
Мiмаволi наскрозь прасякаючы злом,

Бо за месяцы гэтыя нават з Гунiлай
Вельмi рэдка страчаўся. Начамi душа
Скавытала, рыдала, гнаiлася, ныла,
Нiбыта развярэдзiла душу парша.

Але досыць! Дзесятага жнiўня ён “Вазу”
Асабiста праводзiць у першы паход,
Потым – бегма за любай, i з ёю адразу –
На Лiтву, на радзiму, на золак, на ўсход!

Як даўно ён не бачыў прынёманскiх пушчаў!
Там дурнiцы, што бiсерная бiруза.
Як даўно лешчыновых арэхаў не лушчыў
Над стаўком, дзе цвыркоча крылом страказа!

Як шыпулькай даўно не калоў яго вожык,
Не сцябаў хвастанучай сцяблiнай лазняк!
Як даўно ён не чуў песнапенняў Каложы
I дасыта не еў дражджавы кулябяк!

Там пасецца дэраш у смарагдавых травах,
Па Птушынай дарозе да выраю гусь
Адвандроўвае ўвосень у хмарах дзiравых,
Паглядаючы з неба на Белую Русь.

Каэтан да Гунiлы з такое прычыны
Прыляцеў… i пачуў абяссiлены стон:
– Паслязаўтра ў царкве пра мае заручыны
Ўсёй Сцякольне аб’явiць спадар Петэрсон.

XXXVII

Днём дзясятага жнiўня ў сталiцы шалелi
Жабракi, мараходы, папы, парвеню;
У найлепшыя строi матроны адзелi
Беспардонна зняважаную малышню.

Са свiтанку на прыстань, дзе “Вазу” паважна
Ледзь пагойдваў павевамi свежы норд-ост,
Наўзахваткi пабеглi i шлеечнiк мажны,
I да пахвiны страцiўшы ногi матрос.

У супольстве наспела вялiкая драма,
Бо не кожнага Флемiнг на борт запрасiў.
(Праклiнала зацята прыемная дама
Даму, болей прыемную ў стаўленнi ўсiм.

Тая сцiпла фасонiла побач с бiзанню,
Прымушаючы Хансана на камплiмент,
I букетам геранi сяброўцы вiтанне
Пасылала, як тэму для новых гавэнд).

Што яшчэ нам аб гэтай звычайнай нядзеле
Можа нудна казаць адрыўны каляндар?
У Сiбiры казакi разбойнай арцеллю
Заснавалi тайговы астрог “Красный Яр”.

У Маскве скамарох карагодзiў i блазнiў
Ды мядзведзя вадзiў па Цвярской, па Ямской
З той нагоды, што ў царскай нацепленай лазне
Абрадзiцца гатова царыца дачкой.

За пацехай сачыў састарэлы апрычнiк…
Па-за кратамi Фельтана, выйшаўшы з сiл,
Ледзi Кларык – пантэра ў жаночым аблiччы –
Спакушала, каб ён Бэкiнгэма забiў.

У пакоi сваiм, абудзiўшыся рана,
Каралева французская ўзмахам пяра
Напiсала ласкавы дазвол д’Артаньяну
Перавезцi Канстанцыю з манастыра.

З ненаеднай пражэрлiвасцю печанега
Трэцi дзень ля свiнуха ў адрыне пустой
Пастухоў гвалтавала Дарота Сапега,
Ужываючы ўладу з усёй паўнатой.

– Якар выбраць! – скамандаваў Хансан матросам. –
Стаўце фок i фор-марс, распусцiце бiзань! –
I дадаў да загаду абсцэнную глосу,
Ад якой у самога пяршыла гартань.

– Капiтан! – зухавата Чабор адчаканiў,
Толькi голас ягоны быў грузным, што склюд: –
Можа, даць са ствалоў перад доўгiм растаннем
Для супольства сапраўдны вайсковы салют?

– Чаму не? – захапiлася свецкая львiца. –
Цельпучок, абiбочак, аддай жа загад!
Хансан пабарвавеў, як выпараты вiцай,
I прасыкаў змяёй: “Гаспадарнiчай, гад”.

Феерверкеры зграбна адкiнулi люкi,
З iх дзясяткi гармат паказалi насы.
Камендоры забегалi, бы мамелюкi,
З порахам у картузах накшталт каўбасы,

Туга зброю набiлi пад самае горла,
I ля кожнай з паходняй паўстаў кананiр.
Утрапёна чакаў зачарованы горад,
Як пацеху яму пададуць на гарнiр.

“Ваза”, быццам “Арго”, адышоў ад прычалу,
Аддаляючыся ад надзейнай зямлi.
Каэтан, дачакаўшыся ўстрэчнага шквалу,
Падначаленым нема скамандаваў: “Плi!”

Нездарма Каэтан сваю вольнiцу цукаў,
Муштраваў на вучэннях i ноччу, i днём:
З усiх камараў порахам – хрусткiм, як цукар –
Адначасна смальнула гарматным агнём!

Набярэжная радасна загаласiла,
Але тут жа экстаз памяняўся на жах,
Бо раптоўна магутны, вялiзны асiлак
Гайдануўся i неяк зачах на вачах.

Праз гарматныя порты, праз люкi, кiнгстоны
Iрванулася мора ў мiжпалубны змрок,
I, пагоджана з трэцiм законам Ньютона,
Галеон, паслiзнуўшыся, гопнуў на бок.

Не прынялi ад “Вазы” нябёсы малiтву,
Падавiўся вадой крывапiўны маскiт –
Так дзеля Паспалiтай апошнюю бiтву
Адной назвай сваёй выйграў “Бэзавы кiт”!

Нешта мне сарамлiва пiсаць аб далейшым,
Толькi з песнi нiколi не выкiнуць слоў:
Каэтан, не марудзячы, выпырхнуў першым –
Нiбы стрыж на паветра ўзляцеў стрымгалоў,

Паглядзеў навакол з прагным задавальненнем,
Распачуў нарастаючы лямант i шум,
Скiнуў выспяткам бота людзей са ступеняў
I задраiў на клямкi ўсе лесвiцы ў трум,

Потым скочыў за борт i паплыў да Сцякольны
То сажонкамi, то, як калан, на спiне;
Ён даўно не паводзiў сябе так павольна,
Калi волю магчыма знайсцi ў чужыне.

На аддаленам беразе змытая дамба
Адзiнока стаяла пад ветрам марскiм.
Там ляжала ў пяску непрытомная дама,
Вельмi-вельмi памерлая ў стаўленнi ўсiм.

Анi iменi дамы, нi нават мянушкi
Так нiколi не здолеў пазнаць Каэтан.
Бiрузовая банты i жоўтыя стужкi
Апляталi яе, як магiлу бур’ян…

XXXVIII

Цэлы дзень Каэтан асцярожна дадому
Прабiраўся сярод галашэнняў i слёз.
Са Сцякольны на неба, як быццам з Садому,
Узнiмалася хцiвая безлiч пагроз.

Ён таiўся цiшком у глухiх падваротнях,
У смярдзючых закутках жабрацкiх трушчоб –
Каэтана вяло да Гунiлы смяротна
Нагаворнае зелле любоўных хвароб.

У начы прашмыгне ён пры блiсканнi поўнi
Да пакою Гунiлы праз чорны ўваход,
I з каханкаю разам апоўнач на поўнач
Накiруе хутчэй прадзiраўлены бот.

На сялянскiх драбiнах, вярхом адвуконна
Дабяруцца да горада Еўле яны:
Там нiводзiн нацкаваны шпег Петэрсона
Аб Чаборы яшчэ не паведамлены.

У шумлiвым, ажыўленым еўлiнскiм порце
Каэтан зафрахтуе двухмачтавы кеч,
Дзе з Гунiлай нiхто iх не знойдзе на борце,
Ды праз Фiншчыну – на Паспалiтую Рэч!

Летуценнi, куды ж вы заводзiце дурняў?
Хiба можна надзее на шыю пятлю
Навалакаць пад енчанне маршаў хаўтурных?
Гэта не спадабаецца i каралю!

Спаў палац Шэрншэльдаў, стамiўшыся за дзень,
Не трывожыў яго анi гук, анi зык.
Цераз шторы сачыўся, падобна лампадзе,
Серабрыстага Месяца доўгi язык.

Пад нагой з асцярогай рыпелi маснiцы,
Як на сметнiку мачты патрэсканых шхун.
На манер згаладалай у лютым сiнiцы
Манатонна цырыкаў самотны цвыркун.

Нi адзiнага малага шоргату нельга
Дапусцiць… (Дык чаго ж ты таўчэшся, як тур?)
Гэта – ложак Гунiлы, а побач з ёй – Хельга
Запускае сiмфонii фiярытур.

Не паспеў Каэтан дакрануцца да мiлай,
Як атласная коўдра зашастала: “Шорг!” –
I знаёмым баском прахрыпела Гунiла:
– Анiякай ад вас неспадзёўкi, Чэльборг.

Ён аслiна прыбег за маёй нарачонай
Апасля самай подлай з магчымых афер,
Быццам нехта вялiкi, славуты вучоны,
А я – пэўны смаркач… – Гэта вы, Крыстафер?

– Так, мой сябар бясцэнны, i не прыдумляйце,
Што вас нешта другое сюды прывяло.
Свае байкi для допыту лепей стрымайце.
Эй, хто-небудзь, хутчэй запалiце святло!

Аб Гунiле забудзьце i думаць навекi:
Вам пабачыць яе не садзейнiчаў лёс.
Да чаго ж акрыляюць дзявочыя вейкi
З дыяментамi цнатлiвых iскрыстых слёз,

Быццам выпiў пякучы настой мандрагоры!
Ну, пайшлi, а то трэба гадзiнку паспаць.
Мы з табою, нягоднiк, яшчэ пагаворым
Так, што потым нi слова не здолiш сказаць!

XXXIX

… Ля драўлянага сподка са прэлым бацвiннем
Пiраваў з асалодай руды таракан,
У кутку каземата, нiбы ў дамавiне,
Камячком беспрытомным ляжаў Каэтан.

Петэрсон увасобiў свае абяцаннi
Ды залiў цераз горла расплаўлены воск.
Разам з воскам нястрымна пякельныя зданi
Заляцелi сляпнямi ў запалены мозг.

Па крываваму Нёману, зрублены з вязу,
Рушыў “Бэзавы кiт” у дурнiчны прыток,
Дзе Пярун асядлоўваў пярэстага “Вазу”,
Абляпляючы сажай каваны эсток.

Сатанiнскiм стырном з iльдзянога чарнiла
Скарыстоўваў прыемную даму сатыр,
Выгiналася ў скоках распусных Гунiла,
Непакрытая Хельга чытала псалтыр.

На жыгучай асiне асiнае джала
Падаўжалася i запляталася ў дрот,
I з вачнiцы Сапегi змяя выпаўзала,
Забiваючы вострым цвiком стрававод.

Петэрсон, як прывез Каэтана за краты,
Той жа ноччу iмгенна яго катаваў.
Пугабойцы спадручныя, нiбы вар’яты,
Да спiны прыкладалi пякучы метал,

Насыпалi на язвы лiмонную цэдру,
Раз’ядаючы луг, шараваную соль,
I кругом галавы абвiвалi паледру,
Каб праз лямант iрваўся нястрыманы боль.

О, як любяць прыдворныя прапагандысты
Разважаць, што героi канаюць маўчком!
Хай бы нават адзiн гаварун галасiсты
Гераiчна выносiў удар кулаком.

Расказала пра ўсё сапсаванае цела.
Петэрсон не паверыў спачатку, але
З горла слова, збiваючы слова, ляцела,
Быццам кiнуць баялася праўду ў iмгле.

– Божа мой! – шапянуў Петэрсон гарапашна. –
Як жа гэта нязграбна, няправiльна ўсё:
Адмахнуцца ад спадчыны, i бесшабашна
На разнiцу адправiцца, бы парасё!

Разумееш, дурненькi, твой подзвiг – бязмозгi,
За радзiму на карту не ставяць жыццё.
Я б табе з асалодаю выпiсаў розгi,
Каб да скону гадзiн адчуваў калаццё,

Толькi час адышоў, i адзiнае выйсце
Можа з нашай сустрэчы адбыцца на свет:
Паслязаўтра ты будзеш, як жухлае лiсце,
На вяроўцы матляцца. Жадаеш кларэт?

Пагаджайся, бо ты нi гарэлкi, нi элю
Ўжо нiколi не зможаш ад сэрца папiць.
Мабыць, толькi кiпячы настой з пустазелю
Да катла прынясуць, каб у кiпень падлiць.

А ты ведаеш, як я цябе рассакрэцiў,
Здагадаўшыся, што ты варожы шпiён?
Не патрэбна зашчэплiваць трумныя клецi,
Калi ў хвалi кульнуўся набок галеон.

Баязлiвец бы скокнуў у мора адразу,
А не стаў бы на клямкi праход замыкаць.
Значыць, ты быў упэўнены цвёрда, што “Ваза” –
Не жыхар. Ну, i хто абыякавы таць?

Ну, не хочаш кларэту, дык, можа, раптоўна
Лiчыш, нiбыта воск саладзей за вiно,
Каб пазнаў, што любое жыццё бескаштоўна,
Бо нiчога зусiм не каштуе яно.

XL

Ужо позна чаргой на сябе нараканнi
За няздарную, чорную долю валiць:
Ах, як добра было б з маракамi вякамi
Пад надзiманым суравым ветразем плыць!

Недзе ў далях засмечаных плошчаў i вулак
Сярод лужын слаты – коўзкай, быццам алей –
Цесляры будавалi апошнi прытулак
Для бязбожнага вылюдка, як маўзалей.

Два надзейныя слупы на моцным памосце,
Памiж iмi звiсае аборкай каўнер,
Каб трашчалi, драбнiлiся шыйныя косцi,
А памер быў такi, каб балючэй памер…

Ад Лiтвы наставала вялiкае сонца,
Падрумянены бок паказаўшы на чвэрць,
I бясконца, бясконца, бясконца, бясконца
Са скрадка, нiбы рысь, падкрадалася смерць.

– Сын мой любы, – святар нахiлiўся над вязнем,
I адрыжка ад рыбы запоўнiла свет.
(Пэўна, так па-над возерам серным мiязмы
Душаць д’ябла, як сведчыць святы Запавет).

– У грахах сваiх недаравальных пакайся,
Каб мы з Госпадам паадпускалi табе,
Альбо гэткiх грахоў непад’ёмная кайстра
Надламае цяжарам твой кволы храбет.

Хто ты ёсць па абраду, бадзяжны бывалец?
Каталiк, праваслаўны цi, можа, кальвiн…
Але ўзняўся ўгару размажджэраны палец,
I Чабор прасiпеў цераз воск: – Я – лiцьвiн!

– Хопiць, пастар! – казаў Петэрсон раззлавана. –
Ён пакаяўся мне аб усiм барахле.
Яму дай толькi волю: такога рамана
Не прыдумаюць нават Сервантэс з Рабле!

Валачыце яго – ужо сонца на ўсходзе,
Неўзабаве прачнуцца, а лiшнiх вачэй
Мне хапае па горла. Павесiм – ды й годзе!
Каралю справаздача патрэбна хутчэй.

Каэтана да дрогкiх драбiн прыкавалi,
Ды праз брамку, якая ў завулак вяла,
Курс на шыбенiцу ва ўзбярэжным квартале
Прыгаворнiцкая кавалькада ўзяла.

Скалынулiся брукi пад цiскам канвоя,
Конскi крыж абвiвала шляя, бы змяя,
Але раптам маланкай пранiзлiвай мроя
Асляпiла: “Няўжо Суламiта мая?..”

Так! Спадар Петэрсон у адкрытай карэце
Прымасцiўся ў пазадках жалобных калёс,
Нiбыта сваю кралю бацька Капулецi
На агледзiны вез, учыняючы лёс:

– Пакуль нас да канца не наблiзiў кiрунак,
Развiтайцеся з прагнаю марай сваёй,
I не трэба гаворыць, што мой падарунак
Вылучаецца скнарлiвасцю. Божа мой!

Я б, Гунiла, для вас жамчугi, дыяменты,
Камянi самацветныя ў ложак насiў,
Распяваў серэнады, складаў камплiменты
Так, што вы б у знямозе ляжалi без сiл;

Замест гэтага вы нейкую ахiнею
У мяне папрасiлi – наведаць турму.
Бачыць Бог, што я гэтага не разумею!
Ну, чаму ж?! Ну, чаму ж?! Ну, чаму ж?! Ну, чаму???

Нам да вiсельнi ехаць амаль паўгадзiны
Пазiрнiце ў апошнi разок на яго…
Па-над Швецыяй лашчыўся ключ лебядзiны,
Выглядаючы стрэлападобнай чаргой,

Цiшынёю мяло на сцякольненскiх стогнах,
Далучаўся дакучлiва колавы рып
Да маўклiвых i немых гунiлiных стогнаў,
Безнадзейных, як вечнасцi роспачны хрып,

Як адчай пад’ярэмнiкаў каменяломнi,
Як канаючага перарывiсты ўдых,
I з блакiтнымi промнямi карыя промнi
Запляталiся цесна ў абдымках нямых.

– Я кахаю цябе, дарагi! Дык чаго ж ты бядуеш?
Мабыць, сэрца твае пазабыла мяне ў барацьбе?
Я кахаю цябе, любы мой! Ты аб гэтым шкадуеш?
Любы мой,
я кахаю,
кахаю,
кахаю,
кахаю цябе!

– Пагадзi i не спрэч! Наблiжаецца наша растанне.
Хутка чорная бездань разлучыць дваiх на сцярне.
Я не варты пазбегнуць ды збегнуць такога кахання.
Дарагая,
кахай жа,
кахай жа,
кахай жа,
кахай жа мяне!

– Дарагi, ты чаму не казаў аб каханнi пяшчотным,
Што мяне падымае да самых пранiзлiвых зор?

– Не казаў я таму, што палiчыў у смутку гаротным,
Быццам наша каханне хавае сусветны пазор.

– Я кахаю цябе! Не ганi мяне ў стойбiшча, мiлы.
Ты чаму пазабыў залатыя цалункi свае?

– Пазабыў я таму, што, спрадвеку не маючы сiлы,
Я не ведаў, нiбыта такая любоў iснуе.

– Не цурайся мяне! Я кахаю цябе, паднябёсны,
I маркота мая апрытулiць каханне ў журбе.
Я кахаю цябе, я пяю непазбыўныя вёсны.
Я кахаю,
кахаю,
кахаю,
кахаю,
кахаю цябе!

Кавалi Каэтана з драбiн адкавалi,
I падпахi да плахi ўзвялi стрымгалоў.
Вокамгненна гунiлiны губы-каралi
Роўна ранай iрванай скрывiлiся ў кроў.

Распасцерлася ўсюль павукова жавала.
I ўзнасiлася ў горную высь малiтва:
Перад зрокам анёла, як рай, паўставала
Незнаёмая ёй Беларусь, мо Лiтва –

Той чаборавы край, дзе чужынскiя зграi,
Быццам дома, святкуюць вядзьмарскi абрад,
Там, дзе ў косткi iграюць бязвокiя граi,
Дзе краiну з падвор’я вядзе канакрад.

Перакладзiны вiсельнi – Волга i Вiсла,
А слупы – гэта Швецыя i Дзiкi Стэп:
Беларусь над бяздоннем мiж iмi павiсла
З галавой, заматанай у саванны крэп!

– Бач, як смешна прыдурак матляе нагамi, –
У клiкунстве зайшоўся пузаты святар, –
Каб яго ў апраметнай крывымi рагамi
Да прагнiлых ванiтаў бадаў Люцыпар!

I Гунiла шпурнула ў пустую лiчыну,
Хоць сляза выядала ёй вочы, як дым:
– Той, хто здолеў бясстрашна сканаць за Айчыну,
Не бывае нi смешным, нi нават дурным!

ЭПIЛОГ

А сямнаццатым слёзатачывым сталеццi
Пад бясконцыя стрэлы марцiр i гармат
Над Еўропаю бойкi разносiлi смецце,
Сукравiцай гнаiўшыся, нiбы стыгмат.

Дзеля большага поспеху гонарных тронаў
Самадзержцы ў чалеснiкi лютай вайны
Адпраўлялi не толькi граф’ёў ды баронаў,
А яшчэ i народы вялi да труны.

Апускалiся людзi ў бясконцы калодзеж,
Пакiдаючы неба блакiтны абрус,
I нiводнай душы ў памiнальны сiнодзiк
Не занесла нi Швецыя, нi Беларусь.

Каэтана не мiнула гэтая ж доля.
Скрозь муаравы вэлюм паўночных аблок
Толькi срэбныя зоркi, нiбы жырандолi,
Асяняюць далёкi засыпаны лог.

Больш цiкавая справа была ў Петэрсона:
Да вяртання ў сталiцу свайго караля
Так аформiць паперы, каб нават кансона
Не гучала званчэй за пявучы “ля-ля”.

I, калi цераз месяц валовым батфортам
Да Сцякольны наблiзiўся Густаў Адольф,
Петэрсон сустракаў яго доказным тортам,
Што жыццё караля – гэта тло i юдоль.

– Хто зачыншчык ганебнай пагiбелi “Вазы”?
Вы, мой любы ўладар! Ну, а як жа iнакш?
Дайце толькi загад – i тады вадалазы
Паспускаюцца ў мора з iмпэтнасцю квакш.

Там яны адшукаюць сляды галеона,
Пазнiмаюць памеры, i ўбачыце Вы,
Што дарэмна сярдуеце на Якабсона.
Ён i так ледзьве-ледзь не знасiў галавы.

Вось усе чарцяжы, праектыўныя схемы,
I на кожнай Ваш дзiўны аўтограф стаiць.
Хiба можна дзеля вырашэння праблемы
Над адданым слугой так бяссорамна кпiць?

(Пакуль Густаў Адольф пасля доўгай адлучкi
Асабiсты свой подпiс дакладна звяраў,
Якабсон у кiшэнi свавольныя ручкi
З поснай мiнай манаха глыбей захаваў.)

– Ды якiя шпiёны, якiя агенты?
Хай мяне за хлусню апячэ крапiва!
Гэты жах пачалi разнасiць iнсургенты,
А пад’юджвае iх гарадскi галава.

Так, адзiн баязлiвец прабраўся на “Вазу”,
Але ён быў звычайны нявопытны кок,
Як учуў небяспеку, дык з плачам адразу
Прама ў мора сцюдзёнае з камбуза – скок!

I кароль зразумеў, што нiколi ён праўды
Не даб’ецца, хоць здохнi, як марная моль!
Анiяк бюракрата не схопiш за фалды,
Можна толькi да скронi прыставiць пiстоль

Цi адправiць яго на абед папуасу
(Каб не ўжыць болей мацерны моўны зварот),
Але ўжо дэмакратыя Новага Часу
Бессаромна таўклася ля заднiх варот.

“Гэта ж век не дваццаты i не дваццаць першы,
Каб бязвiнных садзiць без разбору ў турму”, –
Думаў Густаў Адольф, i маркотныя вершы
Мiмавольна прыходзiлi ў розум яму:

“О, хто адкажа мне, чаму ў iржы i ржэ
Заўсёды верх бярэ столаначальнiк?
Здаецца, Д’ябал беспардонна людзям лжэ,
Што ў бойцы з Д’яблам перамог Стваральнiк”.

Пiльнаваў Петэрсон, пазабыўшы пра лiтасць,
Капцюрамi i iкламi праведны блеф,
I патухнуў кароль перад прагнаю свiтай,
Быццам зграе шакалаў скараецца леў.

Уздыхнуўшы са скрухаю, з тоўстай кашолкi
Распачаў падарункi дажджом рассыпаць
На вялiкую радасць прыдворнай суполкi,
Толькi б пераварот не наладзiла знаць.

Петэрсону дастаўся багаты фальварак,
Якабсон атрымаў залачоны тальмах,
Пастар – новенькi крыж на iнсультны закарак,
Флемiнг – чын генерала. (Хай згiне ў штармах!)

А калi яшчэ год скрышыў млынавы камень,
I было перамiр’е заключана, то
Петэрсон, атрасаючы пыл пад нагамi,
Сам раптоўна зышоў у нямое Нiшто:

Паслiзнуўся, калi ў дараваным маёнтку
Цераз рэчку лясную праходзiў масткi.
Толькi ястраб, ганяючы сiваваронку,
Шкадаваў, што сплывае ласунак такi.

Праз два тыднi на водмелi шызага мора
Рыбакi падабралi абгрызены труп,
Пасiнелы, лiловы, як кветка чабора –
Ён аглух ад анёльскiх захопленых труб.

… Над сядзiбаю плакалi шэрыя лiўнi,
Вечарамi ў камiне гулялi агнi,
Наганяючы сум у сярэдзiне жнiўня
Ды тугу ва ўсе iншыя нудныя днi.

Безудзельна ўдава знемагала ў святлiцы
З кучарамi, бы жухлы, лiнялы каштан,
I гарэла лампада ля сцiплай бажнiцы,
Дзе лунаў на iконе святы Каэтан.

З крутабокага ўзгорка на золку Гунiла
Кожны дзень паглядала з маркотай на ўсход:
Там лiцьвiнскае сонца планету будзiла,
Узнiмаючыся над бязмежнасцю вод,

I ляцела да сонца сасмаглая мроя
Ў неспазнаную шыр, на Лiтву ў далячынь,
Разам з роспачным шэптам над хваляй крутою
I малiтвай ўдавы: – Ты хутчэй даляцi!

Пакажы мне, як свечкамi дыбяцца конi
На зялёных кiлiмах прасторных лугоў,
Як бягуць па Лiтве ад Сянна да Смаргонi
I ад Мёраў да Ельску iмчаць стрымгалоў.

Пакажы, як нясецца пад мурамi Брэста
Неўтаймоўны табун да свабоды сваёй,
Як ягоны важак з гагавiцай пярэстай
Вараную сяброўку вядзе за сабой.

Ты пачуй мае словы, дэраш мой каханы,
Ды павер, што не кiнуў цябе Каэтан,
Прыскачы ў Маларыту, зайдзi ў Целяханы,
Разбудзi капытом кожны хутар i стан

I кажы iм: “Ваш сын не забыўся Радзiмы,
Не схаваўся ад смерцi ў балота, як трус”.
Да свяцiцца навекi твой подзвiг, любiмы!
Да свяцiцца iмя тваё, Белая Русь!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Каэтан Чабор. Частка 4 - Глеб Ганчароў