Верш Енк Лазара
Ты ўваскрэсіў мяне чаму,
Ты ўваскрэсіў мяне навошта,
Бы адвёрткаю па бяльму
Ўшрубаваў назаўсёды ў вочы?
Я аднойчы калісь памер,
Я аднойчы сканаў знянацку
Не таму, каб ты меў намер
Уваскрэсіць па-заліхвацку.
Бо раней у маім жыцці
Рунь буяла ды зелянела,
Пачынала штодня цвісці,
А цяпер усё мутна, бела…
Ты растаў, як да ног тваіх
Мае сестры папрыпадалі,
Акрапіўшы крысо тунік,
Цалаваўшы рамень сандалі.
Што ты возьмеш з бязглуздых баб,
Акрамя ўсхваляванай хрыі –
Толькі Марфін тупы нахрап
Ды пранізлівы плач Марыі!
Я вяртання не заклінаў –
Я да бога ляцеў, як зорка,
Бо нарэшце свой боль прагнаў!
А цяпер усё зябка, золка…
Ты не думаў аб тым, што мне
Давядзецца ізноў на ложку
Загінацца ў гнілым радне
Сапраўды, а не панарошку!
Дзе ж наперад адчуць усё,
Калі тоўпіцца ў рызах шэрых,
Нібы трэфнае парасё,
Зацікаўленых вучняў шэраг!
Я таксама ў юнацкі час
Быў падобны на шалапута
Ў чарадзе маладых пралаз,
А цяпер усё страшна, люта…
Чараўніцтвам сваім ліхім
Ты прызначыў мне лёс ахвяры,
I бязлітасны серафім
Б’е маланкай мяне з-за хмары.
Паспрабуй ад сваіх даброт
У бясконцае кругаверці
Адыходзіць у смерць штогод
Ды ізноў уцякаць ад смерці!
Ты маліцца тады пачнеш,
Сам сабе аддаваць пакорна,
Каб зніштожыць такі правеж…
Да чаго ж мне, Iсусе, чорна!