Верш Маёнтак
Кніжку неяк гартаў і заўважыў
Я гравюру сядзібы старой:
Парк, палац, ліхтары, экіпажы –
Самавіты і ўтульны настрой.
Мне сказалі ў аддзеле культуры,
Перарыўшы папераў запас:
– Недзе помнікам архітэктуры
Ваш маёнтак запісаны ў нас.
Хоць маёнтак не мой, а паехаў,
Як падлетак, – на злом галавы,
Каб знайсці ад сучаснасці ўцеху –
Вёскі, рэкі, лясы, паплавы…
Як даехаў да той панарамы,
Аж жахнуўся, бо ўсё на мяжы:
Рэшткі некалі велічнай брамы,
Дзе-нідзе дагніваюць лаўжы.
І амаль за варотамі прама,
Нельга нават прайсці напрасткі,
Хмызнякамі парослыя ямы –
Пэўна, некалі ззялі стаўкі.
Цень пад шатамі парку былога,
Пах трывожны сапрэлай травы.
Дрэвы быццам трымаюць аблогу
У гушчэчы старой крапівы.
Дзве лістоўніцы тут засталіся –
Могуць толькі яны нагадаць,
Як прывабна алеі віліся.
Сёння сцежак амаль не відаць.
Каля сажалкі бруднай – альтанка,
Што калісьці бялела шатром.
На цагляных развалах – буслянка.
Гэта дом зруйнаваны суздром.
З рэчаіснасцю баўлюся ў жмуркі:
Толькі вочы заплюшчу – чуваць,
Як гучаць паланезы, мазуркі…
Ды каго мне за ганьбу ўшчуваць?
Мне спаткаўся мужык касавуркі
Я спытаў, – хто тут ладзіў да нас?
З несвядомасцю звыклай кузуркі,
Ён паціснуў плячыма ў адказ.
Хто тут жыў, самадур ці асветнік?
Ён не ведаў, што з цягам гадоў
Хараство ператворыцца ў сметнік,
Знікне памяць і сувязь радоў…
У сутонні буяе ажына,
Ўсё навокал жалобна маўчыць.
Прывяла да алеі сцяжына,
Крушня побач – прысеў адпачыць.
Захацеў прыкурыць недакурак
І заўважыў, што рукі трымцяць,
Бо разгледзеў, што гэта падмурак –
Тут капліца стаяла, відаць.
Між здзічэлымі купамі бэзу
Дзірванелі старыя капцы…
Вось якую дварцам антытэзу
Ў рэшце рэшт парадзілі “барцы”!
Ад экскурсіі ўласнай шалею…
У паўзмроку – адразу няўцям –
Цьмяны прывід вянчае алею.
Не разгледзіш – званіца ці храм?
Давядзі да паляны, алея,
Нізкі думак маіх не парві.
Там яліна самотна сумнее –
Сілуэтам, як Спас на крыві…
Сонны храм занядбаны навекі –
Памаліцца і дзверы прымкнуць…
Тут калісьці жылі чалавекі.
Зараз – толькі смаўжы і жывуць.
Пройдзе час, і загояцца раны.
У архівы зарыюся я
І дазнаюся, хто пахаваны!
Ды баюся – Радзіма мая…
1999