Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Каліноўскі. Вільня, 22 сакавіка 1864 года

Ён ішоў між штыкоў і шабляў
І ўсміхаўся на поўны рот,
Што жандары на вуліцы зяблі,
І чакаў пракурор ля варот.

Пасля камеры запляснелай
Піў марозную свежасць усмак.
І на сэрцы ў яго яснела.
Адпаўзаў
страху слізкі слімак.

Над турэмнаю чарапіцай,
Над густым частаколам крыжоў
Сонца грэлася,
каб напіцца
Заўтра мог верабей з капяжоў…

Ён на вуліцу выйшаў пакорна,
Удыхнуў
дыму хатняга пах
I падумаў зусім спакойна:
“Гэта вось мой апошні шлях”.

Камяні, што масцілі шлях той,
Нагадалі яму акурат
Кашалькі ненавіснай шляхты
І падсумкі царскіх салдат.

Нібы выкінутыя, ляжалі.
Іней стыў на іх, быццам пыл.
І падумаў ён з горкім жалем:
“Эх, каб панскія чарапы!

Малавата я іх раструшчыў.
Мнагавата іх на зямлі…
Толькі б пушчы, цёмныя пушчы
Грознай помстай не адгулі!

Толькі б веры не пахіснулі
Ні нагайкі, ні недарод!
Толькі б порах збярог і кулі,
І нянавісць сваю народ!..”

Сакавіцкі марозны ранак
На сумёты клаў цень касы.
Вытыркаліся з-за фіранак
Палахлівых паненак насы.

Праімчаў праз дарогу на брычцы
Нейкі важны віленскі туз,
Пагразіў кулаком па прывычцы.
А рамізнік прыўзняў картуз.

Тупа ўзвод паліцэйскіх пратопаў.
Афіцэр гаркнуў: “У-зяць нагу!..”
І ўжо блізка чуцён натоўпу
Несціханы, стрыманы гул.

Недзе там – кажухі і абноскі.
Там браты яго – мужыкі.
Іх пабачыць хацеў Каліноўскі.
Хоць здалёк, хоць на момант які.

Толькі б стражнікі не адцёрлі,
Толькі б з плошчы не выгналі іх…
І ажно перасохла ў горле,
Як падумаў пра страшны міг.

Не было ў душы шкадавання,
Нават крыўды на лёс не было,
Што вось гэта халоднае ранне
Назаўсёды патушыць святло.

А была палыновая горыч
I бяссільная злосць
ад таго,
Што не ён паноў аб’ягорыў,
А яны ўсё ж злавілі яго.

І вядуць па апошняй дарозе,
І нахабна ўзіраюцца ў твар,
Быццам гэта не ён –
той грозны
Яська, віленскі гаспадар…

Вось і плошча.
Марозны вецер
Пругка хіліць пятлю на ўсход.
Над людзьмі, над усім на свеце
Узвышаецца эшафот.

Ён хаду запаволіў трошкі
І на сонца зірнуў з тугой.
У цішы звонка рыпнулі дошкі
Пад яго маладой нагой.

Стаў пад шыбеніцу рашуча,
Быццам пераступіў парог.
І, як дымка з надрэчнай кручы,
Над натоўпам паплыў спалох.

Хто – з нянавісцю,
хто – з адчаем
Пазіралі на эшафот.
І ад радасці надзвычайнай
Ззяў, як люстра, жандарскі бот.

Ад яго шырокага ранта
Не адводзіў пагляду шпік.
У збялелага фабрыканта
Торгаў вока нервовы цік.

Як нямая шэрая лава,
Разлілася чыноўная раць…
Усміхнуўся Кастусь:
“Вам цікава,
Як я буду тут паміраць?

Што ж, спектакль такі не рэдкі.
Дык чаго ж вочы хіліце ўніз
І забылі прынесці кветкі,
І не чуеце воклікаў “біс”?

Ні маленнем, ні здрадай новай
Я пацешыць вас так і не змог.
І зірніце: не я, панове, –
Вы сягоння ў мяне каля ног”.

Яшчэ вышай ускінуў голаў
І заўважыў ён:
там, дзе штыкі,
За ватоўкамі балаголаў
Калыхаліся армякі.

Там было неспакойна,
быццам
Людзі рваліся з ланцугоў,
Там хацелі наперад прабіцца,
Да яго бліжэй, да яго…

Віратлівай паводкай гулу
Падмывала там цішыню…
І душу яму ўскалыхнула
Цёплай хваляю ўпершыню.

“Вы са мною ў мой міг апошні,
Мае родныя мужыкі!
Я дзяліў з вамі дзень ваш посны,
Гарапашны ваш лёс цяжкі.

Я ў адчаі кляў разам з вамі
Ніву бедную і сенажаць.
Пот салёны вы засявалі,
Каб пасля слёзы горкія жаць.

Вам і рукі, і душы скруцілі,
Завязалі на сем вузлоў,
Каб маўчалі вы, як скаціна,
Нават родных не помнячы слоў.

Абкрывянілі сэрца даволі
Здзекаў, крыўд і няпраўд асцюкі…
Я хацеў вас прывесці да волі.
Я вам шчасця хацеў, дзецюкі.

Не дасяг я жаданай мэты,
Ды не плачу ўсё ж ні аб чым:
Не памру я незразуметым,
Бо змагацца я вас вучыў.

Не чакайце ж здалёк падмогі
І не верце ў добрых цароў.
Колькі будзе жыцця і змогі,
Не пускайце з рук тапароў.

Шкода, што ўжо не ўведаю,
зноў з кім
Вы падымеце бунт святы.
Аб сваім Кастусю Каліноўскім
Прыгадайце тады, браты!..”

І хацеў ён вышэй прыўзняцца,
Зноў зірнуць на свой крэўны люд.
Толькі раптам,
нібы знянацку,
За спіной загучаў прысуд.

Даляцелі,
як адгалоскі,
Непрывычных слоў камяні
Пра яго:
“Дваранін… Каліноўскі…”
Кату крыкнуў ён:
– Не мані!

Я з народам навек з’яднаны.
Што вы глупстваў панаплялі?!
Ні халопаў няма, ні дваранаў –
Людзі роўныя на зямлі!..

І ні слёз у вачах,
ні жаху,
Калі змоўкла плошча пасля
І няўмольна
халоднай вужакай
Абвіла яго шыю пятля.

“Будзь здаровы, мужыцкі народзе!
Хай нядоля цябе абміне.
Гіну я за цябе.
Пры нагодзе
Спамяні добрым словам мяне.

Быў я сын для цябе, а не лёкай.
І калі адляціць мой дух,
Будзеш ты мне, зямелька, лёгкай,
Мяккай, як жаўруковы пух.

Без мяне прычакаеш радасць.
Станеш слаўнаю між людзьмі.
Даў табе я мужыцкую праўду,
А свабоду сама вазьмі…”

Закрычала жанчына нема.
Засланіла сонца імгла.
Пахіснулася раптам неба.
Пад нагамі зямля паплыла.

I калі
цела
цяжка
абмякла
I заціх гордай шыі хруст,
3 губ сплыло развітальнае:
– Матка-а!
Бе-ла-ру-у-усь!..

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Каліноўскі. Вільня, 22 сакавіка 1864 года - Генадзь Бураўкін