Верш Грунвальдская балада (Паэма-трыпціх)
1
– Груганы ляцяць, груганы!
Крумкачы крычаць, крумкачы!
Да вайны крычаць, да вайны…
– Памаўчы, сынок, памаўчы!
– Ды чаму ж мне трэба маўчаць?!
Чуеш, як бразгочуць мячы?!
Чуеш, як удовы крычаць?!
– Памаўчы, сынок, памаўчы!
Хіба што залежыць ад нас,
Акрамя нашых горкіх слёз!
Гэта час такі, гэта час…
Гэта лёс такі, гэта лёс…
– Каб хутчэй я вырасці змог,
Не крычалі б тут крумкачы!
– Барані цябе, сынку, Бог!
Памаўчы, сынок, памаўчы!
Каб не плакаць мне па начах,
Каб цябе, сынок, зберагчы,
Не аддаць цябе крумкачам,
Памаўчы, сынок, памаўчы!
– Каб хутчэй я вырасці змог,
Я б пазбавіў цябе ад слёз!
– Гэта час такі, мой сынок…
Гэта лёс такі, гэта лёс…
Ты расці, сынок, ты расці!
Хай бяда цябе абміне!
Што пабачыла я ў жыцці?!
Ты адзін, сынок, у мяне!
– Груганы ляцяць, груганы!
Крумкачы крычаць, крумкачы!
Да вайны крычаць, да вайны…
– Памаўчы, сынок, памаўчы!
– Ды чаго ж мне трэба маўчаць?!
Мама! Мама! Сюды зірні!
Бачыш – нават хаты крычаць!
У агні крычаць, у ангі!
Мама, бачыш, там, ля акон…
Мама! Мама! Гэта вайна!
– Гэта сон, сынок, гэта сон…
Адыйдзі, сынок, ад акна…
Падыйдзі, сынок, да мяне!
І не плач, сынок, не дрыжы!
– Ды хіба ж так бывае ў сне?!
Мама! Мамачка! Адкажы!
Мама! Мамачка! Гэта бой!
Чуешь, як бразгочуць мячы?!
– Я з табой, сынок, я з табой…
Памаўчы, сынок, памаўчы!
Абдымі мяне… абдымі!
І бывай, сынок! І бывай…
– Мама! Мама! Усё ў агні!
Мама! Мамачка! Уставай!
– Пачакай, сынок, пачакай…
– Мама! Мамачка! Не маўчы!
– Уцякай, сынок, уцякай!
Паспрабуй, сынок, уцячы…
– Мама! Мамачка! Не ляжы!
Што за людзі там, на двары?!
На накідках у іх крыжы…
– Не згары, сынок, не згары!
– Мама! Мамачка! Не ляжы!
Мама! Мамачка! Не маўчы!
Ну хоць слоўца яшчэ скажы!
– Паспрабуй… сынок… уцячы…
Хай табе дапаможа Бог,
Калі ён разлучае нас…
Зберажы сябе, мой сынок…
Гэта час такі… Гэта час…
– Мама! Мамачка! Не маўчы!
А ў самотным небе вайны –
Крумкачы крычаць, крумкачы…
Груганы ляцяць, груганы…
2
Сёння час надыйшоў плаціць!
Колькі можна крыўды лічыць?
…Над зямлёю коннік ляціць!
Над зямлёю коннік імчыць!
Без шляхоў імчыць, без дарог.
Сонца бліскае на мячы.
– Я збярог сябе, я збярог!
Каб адпомсціць вам, крумкачы!
Каб адпомсціць вам, крыжакі!
Каб за ўсё трымалі адказ!
Гэта дзень надыйшоў такі!
Гэта час такі, гэта час…
Гэта час такі, крумкачы!
Сёння ваша чарга плаціць!
Сёння нас рассудзяць мячы!
…Над зямлёю коннік ляціць…
– Мама! Мама! Чуеш ці не
Там, ля райскіх сваіх варот?!
Ці пазнала б цяпер мяне?!
Колькі год прайшло… Колькі год…
Я дапоўз тады да ракі,
Я паспеў, я змог уцячы!
Каб адпомсціць вам, крыжакі!
Каб адпомсціць вам, крумкачы!
Я не ведаю: сам ці Бог,
Хто ж тады ўратаваў мяне?
Я для помсты сябе збярог!
Мама! Мама! Чуеш ці не?!
Колькі год я помсту нашу,
Але вось надыходзіць час!
Сёння я адвяду душу!
За цябе, за сябе, за нас,
За ўсіх тых, хто там, у зямлі,
Ад мячоў крыжацкіх ляжыць…
Колькі год мы з крыўдай жылі!
Можа, годзе нам з крыўдай жыць?!
Можа, годзе крыўды лічыць?!
Можа, час надыйшоў плаціць?!
…Над зямлёю коннік імчыць!
Над зямлёю коннік ляціць!
Срэбны коннік і срэбны конь.
Сонца бліскае на мячы.
– Мама! Той смяротны агонь
Больш не будзе цябе пячы!
Я крывёй яго затушу,
Загаю я раны твае.
Колькі год я помсту нашу!
Сёння я адвяду душу!
…Над Грунвальдам сонца ўстае…
3
Пераможныя б’юць званы…
Гэта дзень, гэта час такі!
Разлятаюцца груганы,
Разбягаюцца крыжакі!
Вечар сцелецца па траве.
Дагарае, сціхае бой.
Маці зверху сына заве:
– Дзе ж ты, дзе ж ты, сыночку мой!
…Вецер сцелецца па траве,
Зорка першая зіхаціць.
Лёгкай хмаркай маці плыве.
Белай птушкай маці ляціць.
– Дзе ж мне, сынку, цябе знайсці?!
Сынку! Сынку! Чуеш ці не?!
Што пабачыла я ў жыцці?!
Ты адзін, сынок, у мяне!
Не ляжы, сынок, не ляжы!
Не маўчы, сынок, не маўчы!
Ну хоць слоўца адно скажы!
Колькі ж мне шукаць уначы?!
Месяц срэбраны, пасвяці,
Разгарні туман у бакі!
Дзе ж мне, сынку, цябе знайсці?!
Што за час, што за час такі!
Толькі зло вакол, толькі зло…
Вінаватыя без віны,
Колькі ж, колькі ж вас тут лягло?!
І ўсе вы – чыесьці сыны!
Ну за што, за што вы ляглі?!
Адкажы, сынок, не маўчы!
– Мы ляглі, каб нашай зямлі
Не чапалі больш крумкачы!
Сёння мы яе збераглі,
Каб яна праз вякі жыла!
Тут не толькі мы паляглі –
Тут крыжацкая моц лягла!
Тут паганыя крыжакі
Паспыталі нашых мячоў!
Тут на цэлыя тры вякі
Мы адвадзілі крумкачоў!
Мама! Мама! Не трэба слёз
Над забітымі праліваць!
Гэта лёс такі, гэта лёс…
І не трэба нас шкадаваць!
Мама! Мама! Не дакарай,
Што сябе зберагчы не змог!
Зберагаючы родны край,
Я ў зямліцу сырую лёг!
Мама! Чуеш, як б’юць званы?!
Мы загінулі не дарма!
– Мой сыночку, тваёй віны
Ні адзінай кроплі няма.
– Мы адолелі крыжакоў!
Больш ім нашых хат не паліць!
– Ну, а мне да скону вякоў
Слёзы горкія, сынку, ліць.
Над зямлёю хмаркай плысці
Ды слязьмі яе паліваць.
Мне на небе, як і ў жыцці,
Над табой, сынок, гараваць.
Ноч звалілася, ды ў траву,
Зоркі-зоранькі зіхацяць.
Маці-хмаркі ў небе плывуць!
Маці-птушкі ў небе ляцяць!
– Ох, сынкі,
сыночкі,
сыны!
…Ды маўчаць сыны,
не ўстаюць…
Б’юць званы…
Толькі б’юць званы…
Па сынах, што загінулі,
б’юць!