Верш Элегiя князю Паскевiчу
Белагаловы вал зiмы
Растаў i плынню вадаспада
Iмклiва рухнуў, як прынада
Для крумкачынае гурмы.
I падавалася – эспада
Працяла Сожа бег прамы.
Ваўчком круцiўся рэзвы вiр,
Што клавiкордавае ронда;
Паладыянская ратонда
Трымала ордэра клавiр,
I хвой карункавая блонда
Махрыста акрывала жвiр.
Правiнцыяльная нуда
Ў палон зацяганай руцiны
Вяла зарослыя курцiны,
Дзе кураслеп i лебяда
Ды бальзамiны зрок рысiны
Каля фамiльнага гнязда.
Глухое гразкае сяло,
Якое шчодрасцю манаршай
Дзеля спачыну пасля маршаў
Схавана пад тваё крыло,
Яснавяльможны пан фельдмаршал,
Цябе аблытала ў сiло.
Бо нездарма з усiх баёў
Пасля калецтваў i кантузiй
У гэты горад без iлюзiй
Твой шлях непераможны вёў
Пад услаўленняў чортаў тузiн,
Пад спеў iмперскiх салаўёў.
Абвiўшы стромкi крутагор,
У аканiцы вецер клацаў,
Як капыты на бруку пляца;
Звiнеў стрэмёнамi вiхор
Аб вежу княскага палаца,
Аб Петрапаўлаўскi сабор.
Ён так жа церабiў траву,
Калi пад магiлёўскiм мурам
Ты iнаходнiцкiм алюрам
Схапiўся з корпусам Даву
На злосць разважлiвым аўгурам,
Спынiўшы нацiск на Маскву.
Учынкаў адчувальны плён
Спрыяў тваёй ваярскай долi:
Падзякаваў Барклай дэ Толi,
Схiлiўся князь Баграцiён,
У асляпляльным арэоле
Пабляк уперш Напалеон.
Твой вышываны эпалет
Картушам зробленага фрыза
Лунаў на ростанях Тэбрыза,
Бiў Эрыванскi вiлает,
I страцiў слодыч парадыза
Асманскi горад Баязэт.
Цi лiшак палкаводчай славы
Душыў, калi твае палкi
Па руху ўпэўненай рукi
Ўвайшлi на вулiцы Варшавы,
Дзе разгулялiся клiнкi
Захопленай казацкай лавы?
Альбо цябе венгерскi бунт,
Якi быў варты процьмы оргiй,
Што распачаў прадажнiк Гёргей,
Стрымаў на крышачку секунд?
О, не! Блiшчэў святы Георгiй
На ордэнах тваiх ва фрунт!
Фельдмаршал, спi! I гэты сон
Зусiм не той, што ў цёплай спальнi –
Твой прах пад спудам пахавальнi
Ляжыць, захутаны ў вiсон,
I толькi дрэвы развiтальна
Ў страi стаяць, як гарнiзон.
Твая схудалая рука
Пад шклом музея бранзавее –
Яна не вырве, быццам фея,
З iмперскiх хронiк нi радка!
Да Ганiбала i Пампея
Цячэ iмклiвая рака…