Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ну што ж: усё ў жыццi лагiчна

Ну што ж: усё ў жыццi лагiчна,
калi ўсё яно – з нягод…
п’е з лужыны анкалагiчнай
рабы анкалагiчны кот…

Жанкi, мужчыны пазiраюць
на сцежку: новую вядуць!
I хворымi вачмi пытаюць:
куды ж то гэту пакладуць?

Цi з iмi ў рад – пад нож няўмольны,
цi ў адзiночку ў старане.
Гарыць там вiнкель трохвугольны
на металiчнай дзверыне…

Там лечаць золатам няшчасных,
каб цень надзеi не астыў, –
i аддае iм паўсячасна
нябачны радый свой актыў…

О гора, гора залатое,
нашто ты людзям з танных хат!
Iм гэтак дорага ўсё тое,
што мелi дома – да палат.

I кожны быў сабе асэсар
i не трымцеў пад жахам слоў,
якiх не выкажа прафесар,
але запiша, будзь здароў…

А бэз пад вокнамi буяе,
i што, маёваму, яму,
што хтось чарговы праклiнае
анкалагiчную турму!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Ну што ж: усё ў жыццi лагiчна - Еўдакія Лось