Верш З мура
Я – адзіны, хто не змоўкнуў
У сцяне з чырвонай цэглы,
І мой шэпат чуюць вокны,
Крыху чуе вязень беглы.
Цераз цемру акіянаў,
Поўную адсутнасць слыху,
Праз бязконцыя парканы
Хтосьці ўсё ж пачуе крыху.
Хто? Як клічуць? Дзе жыве?
Ці чалавек ён? Невядома.
Можа ён без твару? Вецер,
Што забыў свой шлях дадому?
Можа у сцяне ён цэгла?
Недзе побач, недалёка.
Мур яму – пятля і пекла,
Бо зрабіць не можа кроку.
Ці ён самы моцны звер,
Перамог што ў бітве з лёсам?
Кім ён стаў пасля? Цяпер,
Калі няма дзіва ў дзівосах?
Што адчувае гэты Ён?
Як ён пачуў б мой ціхі голас?
Сарваў з зялёных дрэваў крон?
А можа быць, паведаў колас?
Мне не даведацца, на жаль.
Мне застаецца толькі верыць,
Што ўсё жыццё – адна спіраль,
Якую проста мне не змерыць.
Калі пачуеш ты мяне,
Мой сябар невядомы, лепшы,
На тое плюнь, што у сцяне
Складвае нехта дзіўны вершы.
У змрок глядзі, каб там пабачыць
Усё і ў той жа час нічога.
Памыляцца і тлумачыць,
А ўсё ж схапіць як трэба Бога.
Глядзець у цемру – Бог і ёсць.