Верш Янка
Усё далей ад нас гады вайны
І раны ўжо амаль усе залечаны.
А ветэраны – у памяці яны!
Ды лёсы іх вайной былі скалечаны.
Жыло іх сотні тысяч на сяле
І ў гарадах. Старэйшым людзям помніўся
Іх подзвіг у часы вайны… Але
Найбольш мне ветэран адзін запомніўся.
…Піліпаў Янка, звалі ўсе яго:
У Ластаянцах жыў з сваёй сястрой.
Ды ў памяці застаўся з-за чаго?
Не быў жа афіцыйна ён Герой.
З вайны вярнуўся – цяжкі інвалід.
У дваццаць, з нечым, год! Амаль не жыў!
А ў жыцці згарэў, нібы балід,
Бо на вайне снарад не варажыў!
Кантужаны, засыпаны зямлёй…
Жывы ледзь, у шпіталі доўга быў.
Пасля – дамоў прывезены сям”ёй…
Бо, што было ў жыцці – усё забыў!
Паціху дома Янка ачуняў…
Ён мог у краму хлеб схадзіць купіць,
Кароў у поле пасвіць выганяў,
Любіў, шчэ, рыбу вудай палавіць.
І лепшага, наўкола, не было,
За Янку-рыбака – ён мог сядзець
Ля рэчкі цэлы дзень, пакуль святло,
Гадзінамі на паплавок глядзець.
З уловам жа, заўжды, дамоў ішоў,
А мы, дзятва, дзівіліся пасля:
“Дзе ж гэта, месца рыбнае знайшоў?
Напэўна, йшоў з Бярэзіны, здаля?!”
Кручок папросіш – мог і падарыць.
Умеў на лёсцы завязаць парыў…
А, як прасілі дзеці закурыць –
“Табе курыць, шчэ, рана!” – гаварыў.
Адзеты ў ватоўку быў заўжды,
У ботах, што начышчаны, як след.
А на пытанне: “Ты ідзеш куды?”
“На рыбу” – гаварыў, ці “На абед”.
Вось так і жыў – без шкоды для людзей.
Уся акруга ведала яго…
Пасля вайны мінула шмат падзей –
Цікавасці не меў ён да таго.
Ды, толькі дзень адзін, відаць па ўсім,
Не быў абы якім у яго жыцці…
Што трэба – разумеў жа не зусім –
Дзень Перамогі святкаваць ісці.
Ішоў з сястрой на мітынг ён заўжды
І моўчкі ўсміхаўся, як яго
Чыталі прозвішча, а мы тады
Гадалі: “А гавораць пра каго?
Дык гэты Целяжэвіч, хто такі?!
Што за Іван?!” – пыталіся ў сяброў.
І хтосці адказаў нам: “Як, які?!
Піліпаў Янка! Лейтэнант – герой!”
…Прайшло год колькі. Раз, у выхадны,
Ля клуба хтосьці выдаў, не змаўчаў:
“Піліпаў Янка – той зусім “дурны”!
Па Ластаянцах бег і штось крычаў!”
Я ў гэта не паверыў і рашыў:
Назаўтра, калі бачыў хто, спытаць…
Ды той, хто гаварыў – не саграшыў…
Што Янка захварэў – тут, як сказаць!
Здаецца мне – хутчэй наадварот:
Успомніў лейтэнант вайну і бой
І з крыкам: “За радзіму!” – ад варот,
Салдат у атаку вёў ён за сабой!
…Даўно няма ўжо Янкі і таму,
Прыпомні і душой не пакрыві!
І за патрыятызм – паклон яму!
У беларусаў – гэта ў крыві!
Дзмітрый Краскоўскі (п. Івянец)