Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Яе звалі, мажліва, Маша; у мяне

Яе звалі, мажліва, Маша; у мяне
шмат знаёмых Машаў
таму я нават не памятаю дакладна
ці сапраўды яе звалі Машай.

У інтэрнаце літынстытута
на падваконніку
я прамаўляў ёй шэптам, што я
выдатны палюбоўнік
а яна прамаўляла, што ад мяне
непрыемна пахне гарэлкай

(у той дзень сапраўды
мяне пачаставала таннай
расейскай гарэлкай
паэтка з Навасібірску)

Праз чатыры дні
я купіў квіток на цягнік і
з’ехаў у Менск

Седзячы ў плацкартным вагоне
я ўспамінаў, як гэта самая Маша
плакала
і жалілася на тое
што, маючы акторскую адукацыю
яна вымушаная працаваць
за 500 рублёў у масоўцы
што ня мае жытла
што ніякая яна не літаратарка
а паступае ў літынстытут
дзеля інтэрната
няўжо у гэтым жыцці
казала яна скрозь слёзы
чалавек ня можа нават трахнуцца
як чалавек
а павінен вось тут
у прыбіральні
на ўнітазе
як сабака

Мне хацелася забіць яе
бо я ня ведаў
як яе суцешыць;
бо атрымлівалася
што схлусіў ёй
і палюбоўнік я аніякі.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Яе звалі, мажліва, Маша; у мяне - Цімур Хоміч