Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Мой тэрор

Увага
хвілю ўвагі спадарства
я звяртаюся да сусветнай супольнасьці
прабачце спадарства што псую вам вечар
уварваўшыся ў этэр пасярод навінаў
але я маю да вас невялічкую справу
так што ўладкуйцеся паўтульней
ля сваіх шырокафарматных плазменных тэлевізараў
і слухайце ўважліва

Як бачыце у сваіх прагматычных мэтах
я ажыццявіў захоп беларускай мовы
узяў у закладнікі найсакавіцейшую ў свеце паэзію
наймілагучнейшую з усіх існых
паглядзіце як я прэпарую яе
далікатна амаль ювелірна адрываю ножкі рыфмаў і крылцы метафар
іншыя часткі трапяткого тонкага цела
атрутнымі вуснамі ўсмоктваюся ў ейную душу ў сасуды і капіляры
высмоктваю флюіды магію электрычнасць духоўнасць што там яшчэ
о як сутаргава б’ецца яна ў драпежных руках садыста
няўжо вам не шкада спадарства беларускую паэзію
ад яе ўжо амаль нічога не засталося
я гвалтую паэзію ператвараю ў звычайную прозу
напісаную ў форме верша
як адгукнулася аб маіх верлібрах
на сайце вершы. ру адна пажылая жанчына
выхаваная па ейным уласным выразе
на класічнай беларускай літаратуры
на купале коласе караткевічы і арсеньневай
дык вось спадарства я буду зьдзекавацца над няшчаснай беларускай паэзіяй да той пары
пакуль вы не выканаеце маіх патрабаваньняў
як бачыце я накіраваны досыць радыкальна і губляць мне няма чаго

Ітак я патрабую
ТАТАЛЬНАГА ВЫНІШЧЭННЯ ЧАЛАВЕЦТВА
паўтараю ТАТАЛЬНАГА ВЫНІШЧЭННЯ ЧАЛАВЕЦТВА альбо як мінімум

Павялічыць працягласьць працоўнага часу да шаснадцаці гадзін для ўсіх працаўнікоў безь выключэньня
павелічыць працягласьць працоўнага часу да дваццаці гадзін для людзей задзейнічаных на шкодных прамысловых вытворчасьцях
перавесці пачатковую сярэднюю і вышэйшую адукацыю на платны падмурак дзеля таго каб не дапусціць да ведаў і выхавання розную пралетарска-сялянскую набрыдзь
рэарганізаваць оперныя тэатры драматычныя тэатры кінатэатры музеі мастацкія галерэі бібліятэкі універсітэты школы дзіцячыя садкі і іншыя маральна састарэлыя грамадзкія аб’екты ў залы гульнёвых аўтаматаў казіно гіпер і супермаркеты ды гандлёва-забаўляльныя цэнтры
ўвесці эквівалентныя пражытковаму мінімуму пасобіі па беспрацоўі ўсім людажэрам маньякам насільнікам серыйным забойцам чыкацілам брэйвікам і гэтак далей
змяніць гарадзкую інфраструктуру з мэтай максімізацыі цісканіны тлуму дарожных коркаў душэўных захворваньняў
зруйнаваць эстэтычна прыгожыя цэнтральныя раёны і замяніць іх на эстэтычна пачварныя спальныя кварталы
зачыніць выдавецтвы што спэцыялізуюцца на інтэлектуальнай літаратуры або перапрафіляваць іх на выданьне літаратуры масавай
прадаставіць усім навукоўцам філосафам пісьменьнікам паэтам мастакам і іншым крывасмокам на целе грамадзтва асобных камер у выпраўленча-працоўных лягерах з перасяленьнем усёй гэтай зграі па сканчэньні дзесяцігадовага тэрміна турэмнага зьняволеньня ў адмыслова пабудаванае для іх гета на поўначы заходне-сібірскай раўніны
“і гэта далёка не поўны спіс” (с)

Спадарства будзьце рэалістамі
я не патрабую ад вас немагчымага
і калі вы не выканаеце мае ўмовы
(а вы натуральна не выканаеце мае ўмовы
бо якая вам справа да беларускай паэзіі)
з’явіцца хтосьці замест мяне
хтосьці хто змучыць ангельскую паэзію
або расейскую паэзію
або нямецкую паэзію
або паэзію злучаных штатаў амерыкі
у кожнай краіне сьвету
у кожнай сталіцы
правінцыі
у кожным мястэчку
у кожным занюханым закутку
з’явіцца чалавек які без дакораў сумленьня
скалечыць сваю нацыянальную паэзію
(зрэшты сёй-той гэта ўжо робіць)
і хочаце вы таго ці не
вы будзеце вымушаныя ўрэшце паддацца
вы абавязкова
зробіце ўсё
як мае быць

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Мой тэрор - Цімур Хоміч