Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ахвяра рэпрэсій

“Дармаедаў і трутняў нам не трэба!” –
сказаў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
З пакункам на галаве, з ушчэнт паламанымі рэбрамі,
быў я выпхнуты з дому і расстраляны ля першай сценкі.

Гэтак на ўласным досведзе давялося даведацца:
страшнага ў смерці насамрэч няма ні каліва.
Жыць значна страшней, тым больш дармаеду,
сярод працавітых, крэатыўных ды прадпрымальных.

Было прынята рашэнне паказаць маё пакаранне па тэлевізіі
ў кароткім аглядзе найбуйнейшых здзяйсненняў рэспублікі.
Неверагодна нават, але нічога не выразалі,
таму сюжэт спадабаўся хамячкам з фэйсбуку.

Прыехалі на пахаванне лідэры апазіцыі
з папулярнай прамовай пра 37-ы, рэпрэсіі й Сталіна,
і калі ў натоўпе ўзніклі шпікі з міліцыі,
некаторыя зусім засмуціліся ды разыходзіцца сталі.

Ахвяра крывавага рэжыму ляжала ў труне,
на дол ля труны гваздзікі апускаліся моўчкі.
Што далей адбылося, балюча рассказваць мне,
і сляза засціць вочы.

…А ў краіне між тым распачаліся працаўладкавальныя клопаты,
жыхары напалохаліся перспектывы бяссуднага гвалту.
Новая праца знайшлася нават для апазіцыі (опам
павялічыў фінансаванне Дзярждэпартамент).

Ліберальныя інтэлектуалы ў народ паверылі,
перасталі абражаць быдлам, манкуртамі і саўкамі,
прадстаўнікі крэатыўнага класа таксама прасунуліся наперад
па шляху чалавечнасці і раскаяння.

Работнікі офісаў кінулі посціць коткаў,
павялічылі норму кліентаў за ноч прасталыткі.
Чулася ўсюды: “Да працы гатовы?” – “На ўсе сто адсоткаў!”.
(Вось што значыць эфектыўная дзяржпалітыка!)

Заняліся карыснай справай нават чыноўнікі,
бізнэсоўцы спынілі махінацыі з чорным налам.
Надламілася, словам, нешта ў грамадзкай свядомасьці
пасля таго, як мяне не стала.

Так што, як бы там ні было, жыццё маё, хоць і скончылася так убога,
для беларускіх дармаедаў абодвух палоў паслужыла
немалаважным па сваім маральным значэнні ўрокам.
Не дарэмна жыў я.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Ахвяра рэпрэсій - Цімур Хоміч