Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Упарты снег

Лесам,
полем
красавік
ходзіць без сцяжыны.
Ажно бачыць –
снег не знік
з цёмнае лагчыны.

Красавік яму:
– Чаму
не ўцякаеш з логу?
Праляжаў усю зіму,
час ужо ў дарогу.
Дык не будзь
упарты гэткі,
цеплыні чакаюць
кветкі…

Снег не белы,
снег счарнелы,
хоць аселы,
але смелы:

– Мне па густу гэты кут
у лясах сасновых.
Праляжу спакойна тут
да завеяў новых!..

Красавік,
каб скончыць сварку,
на падмогу кліча хмарку:
– Хмарка,
хмарка,
набяжы,
снег сагнаць мне
памажы!

Прыпыніла хмарка бег.
Сыпле дожджык часты.
І пабег
з лагчыны снег
ручайком блішчастым.

Красавік адразу ў смех:
– Знік нарэшце
ўпарты снег!
Ды ў адказ звінеў ручай:
– Ты зімой мяне страчай!
Я скарыцца не магу,
я да мора дабягу.
Узнімуся
з мора парай
і зраблюся
снежнай хмарай,
каб па небе,
без дарог,
зноў вярнуцца ў гэты лог!..

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (3 votes, average: 3,67 out of 5)

Верш Упарты снег - Артур Вольскі
 »