Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Памаўчы са мной

“Памаўчы са мной па-беларуску…”
Яўгенія Янішчыц

Прысядзем моўчкі на траве,
На ўскрайку замкавай гарышчы.
Ў падножжа гор рака цячэ,
А зверху ў вежах вецер свішча.

Не трэба пафасных размоў,
Ўспамінаў важных дат, падзеяў.
Адчуй душою пах вякоў
Ў дыханні ацалелых сценаў.

Людскія слёзы, смех – адчуй,
Іх словы рэха паўтарае,
Нібы на гэтую зямлю
Памерлых прашчураў вяртае.

І цудатворны карагод
За сотню кнігаў будзе лепшы.
З табой гаворыць твой народ
Крыжамі, што мігцяць на вежах.

І ты адданым краю стань.
Матулі мову і калыску
Шануй – і прашчураў вітай
Сваімі думкамі па-беларуску!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Памаўчы са мной - Антон Янкоўскі