Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове






Верш Гародні

…І будзе дзень –
маўклівы, чорна-белы
і сцішаны, а я – дзіцём прад таямніцай,
немаўлём…

І будзе так:
па горадзе аціхлым
задумліва
тралейбусы плывуць, –
па хмарах, пад сумётамі –
што крыгі – між хвалямі
застыглымі
і лёдам,
пабліскваючы
мерзлаю лускою і дыхаючы параю
праз шкло,
праз водарасці
й вочы…

І дрэвы,
як атланты,
утрымаюць
і неба,
і тралейбусы,
і вежы,
людзей,
аблокі,
гмахі
і крыжы…
і пазалотай попелу
абтрусяць
двухколерныя
нашы вітражы,
дзе рамай –
с н е г…

І М е с т а
стане воляю
і лёсам:
замрэ гадзіннік
на касцельнай вежы,
і сыйдуцца ў руцэ
дзве стрэлкі-стрэмкі –
с в а б о д а
і
н а к а н а в а н а с ц ь;

Мы –
я і Горад –
станем з двух –
адно.

І будзе – с н е г
………………

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Гародні - Ангеліна Дабравольская