Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Адзіны адказ

Што сумленне тваё падкажа
ў адказ на пытанні: “Ты з кім?
За чужынцаў ты ці за нашых?
Які герб твой, які твой гімн?

Ці гатовы ты зноў быць мішэнню
для чыіхсці хворых амбіцыяў?
Ці складзеш свае рукі ў кішэні,
вырашыш, што прасцей змірыцца?”

Нас штурхаюць зноў і зноў,
выпрабоўваюць на “братэрства”.
Толькі гоніць па венах кроў
Беларушчыны вольнае сэрца.

“Русский мир” альбо “polskі swіat” –
усё адно не нашыя словы.
Так ці гэтак ты будзеш распят,
будзеш жыць без гісторыі, мовы.

А краіну ізноў раздзяруць
два арлы з трыма галавамі…
Шлях адзін, і з яго не звярнуць,
мы прайсці яго мусім самі.

Гэта шлях яднання і згоды,
тоеснасці з багатым мінулым,
каб ізноўку ў мутныя воды
наша плынь нас не зацягнула.

Шлях адказных няпростых рашэнняў,
гаспадарлівасці і ашчаднасці.
Шлях да словаў “Прашу прабачэння
за гады бязглуздай уладнасці”.

Што ж, гучыць утапічна, наіўна…
Так заўсёды, калі не змагацца.
Лепей крукам сагнуці спіны
і ціхенька ў бульбу схавацца?

Хата з краю – то хоць і свой,
ды прытулак не надта прыдатны.
Рызыкуеш сваёй галавой
ты не менш, чым у акопах салдаты.

Калі так, ці не лепей пайсці
па шырокім гасцінцы рашуча
і ў сэрцы сваім пранясці
да Айчыны любоў, што гаючай

Сцюдзёнай крынічнай вадой
з непрыкметнай лясной ручаіны
змые з твару адчай з бядой
і параіць адказ адзіны.

“За Радзіму, за край дзядоў!” –
пракрычыш ты гарачымі вуснамі. –
“Пад Пагоню ў шыхт стаць гатоў.
Я з Народам маім, з Беларусамі!”

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Адзіны адказ - Андрэй Пятрусёу