Верш Расстрэл імперыі
Па-над Свярдлоўскам маладым
густая прозалаць аблок –
індустрыі гарачы дым
лясное неба завалок.
Праспектам не відаць канца –
так расступіліся бары.
Згадай, Урал, палац купца,
Іпацьеўскі палац стары.
Даўно пабляк яго фасад,
аброс глухой травой карніз.
На цэлы век ступі назад
па сходцах грукаткіх – уніз!
Насустрач дыхае падвал
стагодняй цвіллю і слатой.
Чытай у цемрадзі, Урал,
сляды гісторыі сваёй!
А ці паверыш ты цяпер,
што міма,
пад мяцеліц свіст,
ішоў,
наставіўшы каўнер,
па тракту ссыльны дзекабрыст.
А тут, за павучыннем рам,
карпеў гранільшчык дзень пры дні,
рубін шліфуючы царам
для іх замежнае радні.
Царом загнаныя ў акоп,
далёка ад сваёй зямлі,
і сталявар і земляроб
імперыю,
як смерць,
клялі.
Ды ўзняўшы над Нявой сцягі,
свабода абвясціла мір.
Этапам Мікалай Другі
падаўся
ціха
у Сібір.
Не на святочны карнавал,
а чорным ходам, са двара,
прымаў палац, нібы цэнтрал,
арыштаванага цара.
Ён хітра гладзіў бараду і слухаў,
гледзячы на ўсход, дзе пераходзілі
Таўду атрады гайдаўскія ўброд:
трубілі бронецягнікі,
таптала конніца палі;
белапагоннікаў палкі
пратэсы з чэрапам няслі.
Спакойна ўсё рашыў як след
у бессані начы
Савет.
Ісецкі сталявар чытаў
цару народа прыгавор.
Патроны ў цішыні дагнаў
разгневана тугі затвор…
На скразняках тваіх, зямля,
гарэла полымна зара.
Нам давялося расстраляць
не толькі рускага цара, –
Над мушкай бачыў сталявар,
над мушкай бачыў земляроб
усіх паноў вынежны твар,
усіх старых імперый лоб.