Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Прачытаўшы верш Пімена Панчанкі “Развітанне”

Родны мой Пімен Панчанка,
Вы сказалі: настала змярканне?
Вы сказалі на маці мачыха?
Бо настала Вам развітанне?

З яе словам – ужо не родным,
з яе сонцам – ужо халодным,
з яе людам – спрадвек галодным,
нават Богу й таму няўгодным…

Адыходзіце ці зракаецеся?
Ці сухімі слязамі каецеся?
Пад крыжамі Сафіі Полацкай
бюракрат за Вас не памоліцца,

А памоліцца за Вас мачыха,
за сыночка свайго, за Панчанку,
і ў галовах запаліць свечачку.
Можа, ўзімачку, а можа, ўлецечку

Скрозь расстанне і скрозь змярканне
на агеньчык паэт прыстане,
скажа: родны мой Пімен Панчанка,
я Вам верыў, ды вера страчана.

I ў галовах патушыць свечачку,
можа, ўзімачку, а можа, ўлецечку
пад крыжамі Сафіі Полацкай
ён за Белую Русь памоліцца,

За наступнікаў і за прадзедаў,
ён памоліцца так, як дадзена,
як вучылі Купала з Коласам –
крэўным словам, родным голасам.

Вы жывымі слязамі заплачаце,
за паэтам народ убачыце
скрозь расстанне і скрозь змярканне,
Вам за смерць сваю прыкра стане,

Бо пад небам Сафіі Полацкай
на народных паэтаў моляцца.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Прачытаўшы верш Пімена Панчанкі “Развітанне” - Анатоль Сыс