Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш ВЕДАЕ ПАЛЫН

Сярод кветак сівы, знямелы,
Нерухомы застыў палын.
І здалося, што ў свеце цэлым
Ён застаўся такі адзін.

Ён адзін пад купалам неба
Дажывае свой шэры век.
Міма ж кветак прыгожых, белых
Не прайшоў мінак – чалавек.

Вабіць вочы іх яркі колер.
Захапляе прыемны пах,
Што лунае над кветкавым полем,
Нібы той легкакрылы птах.

А палын? — Каму ён вабны.. .
Не прыгожы з яго букет.
Сярод поля стаіць, нязгрэбны
І маўкліва глядзіць у сусвет.

Кветкі вераць у вечнае лета.
Толькі ведае горкі палын: —
Перамеле і тых і гэтых
Няспатольнага часу млын.


Верш ВЕДАЕ ПАЛЫН - Анатоль Галушка