Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Лебедзі

Шуміць каля вуліцы Энгельса сад,
Там ліпа, таполя, каштан,
Там пад аховай цяністых прысад
Плюскоча фантан.

I лебедзь высока ўзнімае крыло
На крушні, замшэлай ледзь-ледзь,
Ды птаха рукой хлапчанё абняло,
Яго не пускае ўзляцець.

Той хлопчык каменны,
Той лебедзь каменны
Ніяк не абсохнуць за дзень:
Цурчыць з лебядзінае дзюбы праменны
Крынічны струмень.

– Я з лебедзем, тата, хачу падружыць
I хлеба кавалак яму пакрышыць, –
Гаворыць малая дачка мне
Ля шэрага лебедзя з камня.

– Пакрышы, пакрышы, –
Я дзяўчынцы кажу, –
Я скора жывога табе пакажу.
За сквер пазіраю: ля самых галін
Даўгі экскаватар відзён.

Варочае груды рудыя руін
Са скрогатам сківіцай ён.
Прасторную плошчу раўнуе жалезам,
А мы яе клёнам засадзім і бэзам,
I будуць фантаны і возера там,
I прыляцяць раннім чэрвенем к нам
Жывыя, лясныя, нясмелыя
З Немана,
З Прыпяці,
З Беседзі
Белыя,
Белыя
Лебедзі,
Лебедзі!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Лебедзі - Аляксей Зарыцкі