Верш Я – мужыцкі сын, і радаслоўная
Я – мужыцкі сын, і радаслоўная
анідзе не значыцца мая,
дзед і прадзед, а далей замглёная
далячынь –
стагоддзяў акіян.
Зверху ў ім
я, нібы хваля з хваляю
веснавой блішчастае раллі;
у зямлю касцьмі, вярбой трывалаю
майго роду карані ўраслі.
Колькі летаў сам нагамі босымі
чуў цяпло вільготнай баразны,
захлынаўся на пакосе росамі,
ветрам дыхаў жытнім
і лясным.
Шмат сялянскай кемнасці, стараннасці
у палеткі ўкладзена было,
а пакінуў, можа, нават з радасцю
мной зямлю араную,
сяло.
He цярплю, хто ахкае і вохкае,
як згадае хату,
кут бацькоў,
дэкларуе ў сувязі з эпохаю
да сваіх сцяжын, асін любоў.
He пасада з гальштукам мне снілася,
дзесьці ўзяў сабе я ў галаву:
вёсцы не стае азоту й сіласу,
мне –
зямельных на жыццё навук.
У калгасе з ведамі прыдбанымі
сілы фермам, нівам аддаваў,
ваяваў з чыноўнымі прафанамі,
поле бою –
марная трава.
Час настаў ацэньваць словы працаю,
меркаваць аб справах па жніву;
я цяпер, відаць,
не маю рацыі,
што ад ніў далёка тых жыву.
Адспявала ў жыце перапёлачка
без мяне пра лепшае ў жыцці…
He хачу ў нябёсы дыму воблачкам,
мне ў зямлю,
сваю зямлю сысці б.