Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Дзявочая гара ў Мсціславе

Самалёт пакружыўся ў нізоўі,
Гайдануўся над дымкай лясной.
“…Давяралі мне тайну князёўны,
Сябравалі студэнткі са мной.
Толькі мне невядома каханне,
Усё гляджу праз світальны туман:
Дзесьці там у дняпроўскім тумане
Ёсць вясёлы блакітны курган.
Не сысці са стаптанага лугу,
Не пабегчы па белай траве…”
Разумею, гара, тваю скруху,
Разумею пакуты твае.
Уздыхалі манашкі па волі
У манастырскай лампаднай цішы,
Прыняслі цябе ў вузкім прыполе,
Калыхалі ў калысцы душы.
Пад малітву вячэрнюю зорам –
Спавівалі травою нязлой.
I стаіш ты сягоння дакорам
Сноў дзявочых, што сталі зямлёй.


Верш Дзявочая гара ў Мсціславе - Аляксей Пысін