Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Прышчэпак

З такой асцярогай, каб стык не парушыць,
Бінтуючы зрэз кажурынай кары,
Прышчэпліваў бацька атожылак грушы,
Каб бэры званамі званілі ўгары.

Рвануўся адродак у кіпені сокаў
І_зліўся, як родны, з магутным ствалом…
А квецень свяцілася мёдам высока –
Пладамі праз час частаваў за сталом.

Атожылак – я, што надзея трымае:
Ад вёскі нож часу адрэзаў мяне.
Хоць болей люляе калыска трамвая,
Ды жаль па вяскоўі ніяк не міне.

Мне млосна, задышна… I сніцца вясною
Бядак-баравік, учарнелы, як цень,
Які разлучылі з лясною сасною,
Які пасадзілі на простай градзе.

Я – дрэва з бясплоднымі думкамі тымі,
Якія цяпер ці кляні, ці крані,
Ды крона ліпіць паміж гмахаў у дыме
I чэзнуць у вёсцы яго карані.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Прышчэпак - Алесь Камароўскі